Дэлегацыя беларускіх ветэранаў вайны адправілася з візітам у Мурманск
1 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэлегацыя ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з Беларусі сёння адпраўляецца ў Мурманск (Расійская Федэрацыя). Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік аддзела па справах ветэранаў і пажылых людзей упраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Іван Нагібін.
Праграма візіту беларускіх ветэранаў 3-5 чэрвеня ў Мурманск вельмі насычаная. Запланаваны сустрэчы з ветэранскім актывам Мурманскай вобласці, ветэранамі Паўночнага флоту, а таксама наведванне месцаў абароны Запаляр'я, мемарыяльных комплексаў. Ветэраны сустрэнуцца з экіпажам крэйсера "Дзмітрый Усцінаў".
У складзе дэлегацыі ў асноўным ветэраны ВАВ з Віцебскай вобласці на чале са старшынёй абласнога Савета ветэранаў генералам у адстаўцы Генадзем Герасімовічам.
Гэта ўжо чацвёртая ў бягучым годзе паездка беларускіх ветэранаў у Расійскую Федэрацыю (у красавіку ветэранская дэлегацыя наведала Бранск, у маі - Валгаград і Тулу). А наступная паездка плануецца ў сярэдзіне чэрвеня ў Падмаскоўе.
Візіты дэлегацый беларускіх ветэранаў арганізуюцца ў адпаведнасці з міжурадавымі пагадненнямі. На гэтыя мэты прадугледжаны сродкі рэспубліканскага бюджэту.-0-