Дэлегацыя з Казахстана наведала Верхнядзвінск. Як гэта паўплывае на эканоміку рэгіёна?
Прадстаўнікі горада Капчагай пераадолелі 5 тыс. кіламетраў, каб павіншаваць сельскіх працаўнікоў раёна з прафесійным святам і ўсталяваць узаемавыгадныя кантакты.
Капчагай размешчаны недалёка ад Алматы на беразе вадасховішча працягласцю 100 км і шырынёй 25 км. Горад малады – у верасні ён адзначыў 45-годдзе, у свой час ствараўся як вытворчая зона каля былой сталіцы Казахстана. Сёння тут размяшчаюцца гідраэлектрастанцыя, 16 буйных прадпрыемстваў, у тым ліку па вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, два сельскія акругі, дзе асаблівую ўвагу надаюць раслінаводству (у Капчагаі гэтаму спрыяе клімат – 365 сонечных дзён у годзе). Магчымасць убачыць усё гэта на свае вочы дэлегацыі Верхнядзвінскага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Ігарам Марковічам прадставілася ў верасні бягучага года па запрашэнні акима Капчагая. А дружба завязалася некалькімі месяцамі раней, калі прадстаўнікі беларускага і казахскага рэгіёнаў сустрэліся ў Валакаламску Маскоўскай вобласці.
– Пагутарылі і зразумелі, што ў нас шмат агульнага: у адукацыі, культуры, захаванні традыцый, павазе да старэйшага пакалення, гераічнага мінулага. На 45-годдзе Капчагая мы заключылі мемарандум аб супрацоўніцтве, які адкрывае вялікія магчымасці абодвум бакам. Пераканаліся ў гэтым, пабываўшы зараз у Верхнядзвінску, – адзначыла начальнік дзяржаўнай установы «Аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму г. Капчагай» Наталля Носава.
Знаёмства з беларускім рэгіёнам працягнулася некалькі дзён. Праграма знаходжання замежных гасцей была вельмі насычанай. Казахі сустрэліся з актывам раёна, наведалі вядучыя прадпрыемствы, у тым ліку ААТ «Інвет», «Верхнядзвінскі масласырзавод», ЧПУП «Ужыца-Агра», ДЛГУ «Верхнядзвінскі лясгас», убачылі славутасці і турыстычную інфраструктуру. Як адзначыў кіраўнік дэлегацыі намеснік акима Капчагая Ахтамберды Калкабай, у Беларусі ён упершыню, і яго многае здзівіла і ўразіла.
– Асабліва рабатызаваная малочна-таварная ферма ў «Ужыцы-Агра» – гэта прыклад сучасных інавацый і тэхналогій. Добры падыход, што ў адным раёне і сыравіна, і вытворчасць, гэта значыць з комплексу стойлавага ўтрымання свежае малако адпраўляецца адразу на масласырзавод, – падзяліўся ўражаннямі Ахтамберды Нарматовіч. – У Казахстане сельская гаспадарка ў прыватных руках, няма дзяржаўнай, а ў вас ёсць акцыянерныя таварыствы, улада можа каардынаваць і аказваць садзейнічанне, гэта спадабалася. На «Інвеце» спадабаліся боксы для цялят, могуць нам спатрэбіцца. Што тычыцца масласырзавода, то аказалася, што яго сыры экспартуюцца ў Казахстан, але, я думаю, ёсць магчымасць пашырыць аб'ёмы паставак.
Увогуле, як адзначылі госці, у Казахстане знаёмыя з беларускай прадукцыяй, апошнія два гады яна карыстаецца вялікім попытам. Ёсць спецыялізаваныя крамы, і там заўсёды чэргі. Нашы тавары даўно зарэкамендавалі сябе як якасныя і натуральныя, там ведаюць, што Беларусь – гэта краіна, дзе клапоцяцца аб якасці харчавання і здароўі грамадзян. Акрамя харчавання казахі з задавальненнем купляюць беларускі трыкатаж, ільняныя вырабы. Адным словам, магчымасці для пашырэння ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ёсць, гэтаму таксама спрыяюць збліжэнне нашых дзяржаў на высокім узроўні, у прыватнасці, у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. Але рэгіянальныя кантакты, пабрацімскія сувязі населеных пунктаў не менш каштоўныя. Яны дапамагаюць не толькі ўсталяваць эканамічна выгадныя адносіны, але і даведацца менталітэт адзін аднаго, векавыя традыцыі. Да прыкладу, у Капчагаі прынята ўключаць у склад любой дэлегацыі ганаровага грамадзяніна горада, якім аказаўся заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Амангельды Беспаеў. А госці ўбачылі, які глыбокі пашану і павага ў нас працаўнікам вёскі, калі на сцэне Дома культуры Верхнядзвінска ўшаноўвалі лепшых механізатараў, аператараў машыннага даення, інжынераў, заатэхнікаў, эканамістаў, бухгалтараў і іншых датычных да багатага ўраджаю сёлета. З поспехамі верхнядзвінцаў віншавалі не толькі казахі, але і браты-расіяне, якіх прадстаўляў кіраўнік Себежскага раёна Леанід Курсенкоў. А таксама галоўныя памочнікі – наваполачане ў асобе старшыні Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрыя Дзямідава. Падзякі ад старшыні аблвыканкама і міністра сельскай гаспадаркі Беларусі працаўнікам уручыў намеснік старшыні камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання аблвыканкама Уладзімір Машэра.
Вольга Маслоўская. Фота Антона Сцепанішчава. «Віцебскія весці».