Дэлегацыя Капшагайскага раёна Казахстана наведае Верхнядзвінскі раён для азнаямлення са сферай АПК
Дэлегацыя кіраўніцтва і прадстаўнікоў сельгасвытворчасці Капшагайскага раёна Казахстана 12 лістапада наведае Верхнядзвінскі раён, дзе прыме ўдзел у святкаванні Дня работніка сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Пра гэта паведаміла намеснік старшыні Верхнядзвінскага райвыканкама Алена Борздако.
Гэта сустрэчны візіт казахстанскіх сяброў і калег пасля падпісання паміж Верхнядзвінскім райвыканкамам і адміністрацыяй горада Капшагая пагаднення аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, культурнай і іншых сферах. Яно адбылося на ўрачыстым святкаванні 45-годдзя з дня заснавання горада Капшагая ў верасні. Тады дэлегацыя Верхнядзвінскага раёна ўпершыню наведала гэты рэгіён Казахстана.
Трохдзённы візіт быў насычаны сустрэчамі і перамовамі з супрацоўнікамі акімата, дзелавымі коламі, кіраўнікамі прамысловых прадпрыемстваў. Казахстанскія партнёры зацікавіліся дзейнасцю беларускіх вытворцаў, асабліва прыцягнула іх прадукцыя ААТ "Інвет" заатэхнічнага і ветэрынарнага прызначэння (клеткі, боксы, біракі і інш.), Верхнядзвінскага масласырзавода, лесаперапрацоўчых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
"Ужо падчас нашага візіту была дасягнута папярэдняя дамоўленасць аб сустрэчных пастаўках сельгаспрадукцыі Казахстана і прадукцыі ААТ "Інвет", удзеле Верхнядзвінскага масласырзавода і "Інвета" ў выстаўках і форумах у Капшагайскім раёне. Мы абмеркавалі магчымасці стварэння сумесных прадпрыемстваў, льготы і прэферэнцыі для развіцця прадпрымальніцтва ў малых гарадах Беларусі. Падчас сустрэчнага візіту пакажам гасцям наяўны ў рэгіёне гандлёва-эканамічны і інвестыцыйны патэнцыял для супрацоўніцтва, звядзём канкрэтныя прадпрыемствы сельскагаспадарчага профілю адно з адным", - растлумачыла Алена Борздако.
Супрацоўніцтва з Капшагаем абяцае быць плённым і ў іншых сферах. Напрыклад, ужо дасягнута дамоўленасць аб абмене творчымі калектывамі на дзіцячых фестывалях. Звязвае народы і памяць аб Вялікай Айчыннай вайне – на Верхнядзвінскай зямлі аддалі жыццё за Радзіму 32 казахі. Гэтыя лічбы, агучаныя на мерапрыемстве ў Капшагаі, выклікалі асаблівую цікавасць у мясцовага насельніцтва, асабліва ветэранаў. Так што ў найбліжэйшай будучыні не выключаны кантакты паміж ветэранскімі арганізацыямі. Горад Капшагай з'яўляецца горадам-спадарожнікам Алматы.
Ён створаны ў 1970 годзе на беразе вадасховішча, створанага на рацэ Ілі ў сувязі з будаўніцтвам Капшагайскай ГЭС.
Кацярына Князева, БЕЛТА.