Дэлегацыя моладзі Віцебскай вобласці прыняла ўдзел у цырымоніі адкрыцця Міжнароднага маладзёжнага адукацыйнага форуму «Селіас-2013» у Астрахані
Форум сабраў маладых людзей з Беларусі, Украіны, Казахстана, Азербайджана, Узбекістана, Ірана і 11 рэгіёнаў Расіі. Усяго больш за 300 чалавек пасяліліся ў гасцініцы «Азімут», тэрыторыя якой стала адукацыйнай пляцоўкай.
На ўрачыстым адкрыцці — 13 верасня — для ўдзельнікаў форуму прагучалі прывітальныя словы ад губернатара Астраханскай вобласці Аляксандра Жылкіна, які, як абяцае праграма, у адзін з дзён пагутарыць з гасцямі.
Дэлегацыя Віцебскай вобласці — гэта творчыя, думаючыя, мэтанакіраваныя маладыя людзі, 16 прадстаўнікоў ВНУ і арганізацый Віцебска, ПДУ, Оршы, Браслава, Шаркаўшчыны. Усе падзяліліся па напрамках навучання. Удзельнікі заняткаў па напрамку «Бізнес і інавацыі» сустрэнуцца з вядучымі экспертамі ў сферы бізнесу, прадставяць свае праекты на інвест-сесіі, якая абяцае інвестараў для ўвасаблення самых цікавых ідэй. Напрамак «Экалогія» дасць магчымасць пабываць на прадпрыемствах Астрахані, дзе арганізавана экалагічная вытворчасць, у рыбнай гаспадарцы, убачыць прыродныя багацці астраханскай зямлі. Удзельнікі напрамку «Творчасць» наведаюць майстар-класы па тэатральным мастацтве, кіно, фатаграфіі, вакале. Не менш насычанай абяцае быць праграма ў напрамку «Міжнародныя адносіны», дзе дакажуць, што аб'ядноўваць можа не толькі палітыка, але і здаровы лад жыцця.
У суботу Віцебшчына прадставіла сябе на выставе «Міжнародная гасцёўня», дзе ўдзельнікам форуму маладыя людзі расказалі пра патэнцыял Прыдзвіння, яго традыцыі і сучаснасць, прывабнасць для інвестараў і турыстаў. Форум працягнецца да 18 верасня.
Вольга Маслоўская, "Віцебскія весці"