Дэлегацыя Пскоўскай вобласці наведала з афіцыйным візітам Віцебск

Делегация Псковской области посетила с официальным визитом Витебск

Дэлегацыя Пскоўскай вобласці на чале з губернатарам Андрэем Турчаком на сустрэчы ў аблвыканкаме абмеркавала пытанні міжрэгіянальнага супрацоўніцтва.

Як растлумачыў першы намеснік старшыні аблвыканкама Генадзь Грэбнеў, які сустракаў гасцей з Расіі, пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве паміж дзвюма суседнімі абласцямі было падпісана ў 1997 годзе. Зразумела, што, улічваючы сучасныя рэаліі, яго неабходна скарэктаваць. У канцы мінулага года падрыхтаваны праект новага дакумента, які знаходзіцца на ўзгадненні ў расійскім МЗС. А падпісанне яго плануецца ў верасні ў Вялікім Ноўгарадзе на форуме рэгіёнаў. Цяперашні візіт, можна сказаць, кантрольны, падчас якога яшчэр раз была пацверджана гатоўнасць да больш цесных дзелавых кантактаў і абмеркаваны канкрэтныя крокі ў гэтым напрамку.

Штогадовы тавараабарот паміж Віцебскай і Пскоўскай абласцямі складае каля 50 млн долараў, у тым ліку экспарт – 40 млн. За 1-ы квартал 2015 года ён знізіўся, расіяне сталі менш купляць малочных вырабаў, абутку, дываноў, мяса птушкі, будматэрыялаў, ільняных тканін. Мы ж закупляем галоўным чынам дэталі і вузлы для зборкі вырабаў радыёэлектронікі, поліэтылен, камплектуючыя для абутку, мужчынскія касцюмы.

Губернатар Пскоўскай вобласці Андрэй Турчак падкрэсліў, што ў рэгіёне ёсць патрэба ў электронным абсталяванні, магчыма супрацоўніцтва ў жыллёвым будаўніцтве. А ў сувязі з тым, што Пскоў плануе стаць сталіцай Ганзейскага саюза, удзел суседзяў у падрыхтоўцы горада да грандыёзнага эканамічнага і культурнага форуму будзе дарэчы. Гэта тычыцца перш за ўсё добраўпарадкавання.

Абодва бакі адзначылі, што ў нашых адносінах пакуль пераважаюць сувязі ў культурнай сферы, а ў эканамічным сектары іх трэба нарошчваць. Магчымасці для гэтага ёсць. Напрыклад, мы маглі б прапанаваць расіянам сістэмы водападрыхтоўкі і водаачысткі УП «Полімерканструкцыя». Прадпрыемства «БелВіт-

уніфарм» гатова пастаўляць ветпрэпараты для лячэння хвароб свіней і КРС. Таксама маецца магчымасць нарасціць пастаўкі керамічнай цэглы, даламітавай друзу, керамзіту і сценавых блокаў з яго, бетонных і жалезабетонных вырабаў, элементаў жылых дамоў.

Нашы спецыялісты могуць выконваць работы па прамысловым, дарожным, грамадзянскім будаўніцтве, будаўніцтве сельскагаспадарчых аб'ектаў, у тым ліку ў рамках муніцыпальных і федэральных праграм. У Пскоўскім раёне створана зона прамыслова-вытворчага тыпу «Могліна», яна магла б наладзіць больш цесныя сувязі з рэзідэнтамі СЭЗ «Віцебск», якія вырабляюць сродкі пажаратушэння, сілавыя маніторы, займаюцца рамонтам станкоў, выпускаюць свяцільні, у тым ліку святлодыёдныя.

Свае пажаданні выказалі і прадстаўнікі Пскоўскай вобласці. У прыватнасці, аб стварэнні супольных гандлёвых аб'ектаў, якія б дазволілі прадаваць беларускую прадукцыю цывілізавана і без пасрэднікаў. Больш цесныя сувязі хацелася б наладзіць паміж прадпрыемствамі сістэмы спажывецкай кааперацыі. На тэрыторыі Пскоўскай вобласці рэалізуецца адзін з найбуйнейшых праектаў у сферы сельскай гаспадаркі па будаўніцтве свінаводчага комплексу на 1 млн галоў. Пагалоўе завезена з Даніі, укамплектавана пляцоўка рэпрадуктара, запушчаны ў эксплуатацыю пункт штучнага апладнення, які таксама можа быць выкарыстаны гаспадаркамі Віцебшчыны.

– Рэмачныя пагадненні неабходна напаўняць канкрэтыкай, наладжваць сувязі паміж суб'ектамі гаспадарання, – падкрэсліў Андрэй Турчак.

І падмацаваў свае словы паездкай у Оршу на завод «Чырвоны баец», дзе размова ішла аб удзеле прадпрыемства ў праграмах тэхнічнага пераўзбраення прамысловага комплексу Пскоўскай вобласці.

Расіяне запрасілі кіраўніцтва нашай вобласці прыняць удзел у сустрэчы на Кургане Дружбы, са свайго боку Генадзь Грабнёў ад імя старшыні аблвыканкама Мікалая Шэрстнёва выказаў жаданне бачыць дэлегацыю з Пскова на «Славянскім базары ў Віцебску».

Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"