Дэлегацыя Саюза пісьменнікаў Беларусі наведвае з азнаямленчай паездкай Віцебскую вобласць
Дэлегацыя грамадскага аб'яднання "Саюз пісьменнікаў Беларусі" наведвае 13-14 чэрвеня Віцебскую вобласць з азнаямленчай паездкай, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні ідэалагічнай работы Віцебскага аблвыканкама.
Сёння пісьменнікі пабываюць у мемарыяльным комплексе "Шунеўка" і Бегамльскім музеі баявой славы (Докшыцкі раён). Затым плануецца сустрэча ў Віцебскім аблвыканкаме, аглядная экскурсія па абласным цэнтры, наведванне Віцебскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя М.Горкага. Тут будуць арганізаваны сустрэчы з работнікамі культуры і адукацыі, з актывам грамадскіх аб'яднанняў і моладдзю абласнога цэнтра. Акрамя таго, запланавана наведванне Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта.
А 14 чэрвеня ў праграме сустрэча са старшынёй Наваполацкага гарвыканкама Наталляй Качанавай. Таксама ў гэты дзень пісьменнікі азнаёмяцца з работай ААТ "Нафтан" і ААТ "Полацкі малочны камбінат", сустрэнуцца са студэнтамі і выкладчыкамі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, работнікамі ўстаноў культуры і адукацыі Полацкага раёна, пабываюць на экскурсіі ў Свята-Еўфрасіннеўскім манастыры.