Дэлегацыя Віцебшчыны годна прадставіла вобласць на Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Сочы
Вядома, такі маштабны форум не мог пакінуць абыякавымі ўсіх, хто прыняў у ім удзел. І прадстаўнікі Віцебшчыны не выключэнне. Уражанняў — уйма! Імі падзяліўся ўдзельнік фестывалю, першы сакратар Віцебскага абкама БРСМ Віктар Глушын.
— Кожная дэлегацыя імкнулася як мага больш расказаць пра сваю краіну, яе традыцыі, пра планы на будучыню, якія ставяць перад сабой таленавітыя і актыўныя хлопцы і дзяўчаты. Я думаю, і мы са сваёй асноўнай задачай справіліся. У галоўным медыяцэнтры размяшчаўся выставачны стэнд Рэспублікі Беларусь. Там працавалі нашы хлопцы: пераможцы конкурсу «Студэнт года» Дзмітрый Кукса, уладальніца тытула «Другая віцэ-міс» міжнароднага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства «Каралева Вясна» Крысціна Нікіфарава, камандзіры будатрадаў «Зодчие» і «Эврика», якія сталі лепшымі па выніках працоўнага семестра на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі, і іншыя. Мы імкнуліся расказаць аб асноўных напрамках дзейнасці БРСМ, а таксама зрабілі акцэнт на маючых адбыцца мерапрыемствах міжнароднага ўзроўню, якія пройдуць у Беларусі: II Еўрапейскія гульні ў 2019 годзе і чэмпіянат свету па хакеі ў 2021 годзе.
Таксама ў медыяцэнтры працавалі розныя лекцыйныя, дыскусійныя, культурныя і спартыўныя пляцоўкі. Кожны мог выбраць тую, што яму цікавей. Напрыклад, нашы хлопцы пазнаёміліся з аднадумцамі з Расіі, якія займаюцца распрацоўкай інавацыйных праектаў. І, у сваю чаргу, прэзентавалі лепшыя працы рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» — на месцы абаранялі іх, дзяліліся думкамі аб перспектывах увасаблення ў жыццё, прыслухоўваліся да вопыту замежных таварышаў.
Увогуле ўдалося пагутарыць з рознымі дэлегацыямі. Мы пасябравалі з хлопцамі і дзяўчатамі з В'етнама, Карэі, Таджыкістана, Кыргызстана, Узбекістана, Туркменістана. Падчас аднаго з «круглых сталоў» абмеркавалі перспектывы стварэння своеасаблівай анлайн-пляцоўкі, якая дазволіць мець зносіны дыстанцыйна, абмяркоўваць хвалюючыя тэмы. Таджыкістан узяў на сябе асноўную працу па ўвасабленні гэтага праекта. Як толькі ён запрацуе і нам будзе што абмеркаваць не толькі ў інтэрнэт-прасторы, абавязкова сустрэнемся на тэрыторыі якой-небудзь з краін.
— Ці ўдалося нашай дэлегацыі неяк асабліва праявіць сябе на фестывалі?
— Яшчэ ў першы дзень! Прынамсі таму, што мы вылучаліся знешне. У нас былі і парадная, і спартыўная форма з нацыянальнай сімволікай. Ды і трымаліся мы як сапраўдная каманда. Напрыклад, усё дэлегацыя дружна прыняла ўдзел у фестывальным забегу на 2017 метраў. І хоць мы маем розную фізічную падрыхтоўку, усе справіліся!
— Што яшчэ ўразіла?
— Агульная атмасфера. Пра гэта наогул можна доўга расказваць. Неперадавальна ярка прайшло адкрыццё форуму. Са сцэны яго ўдзельнікі расказвалі пра свае дасягненні, а дапамагалі ім у гэтым зоркі расійскай эстрады Дзмітрый Калдун, Аляксандр Панаётаў і іншыя. Дарэчы, гасцямі фестывалю былі прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, лідар ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі. Вельмі цікавай і пазнавальнай аказалася сустрэча з французскім пісьменнікам, публіцыстам Фрэдэрыкам Бегбедэрам. Мы прысутнічалі на паказе фільма «Апошні багатыр», які хутка выйдзе ў пракат. Яго глядзелі з асаблівым гонарам, таму што сярод сцэнарыстаў — ураджэнец Віцебшчыны Віталь Шляпа.
Увогуле, кожны дзень быў распісаны літаральна па хвілінах. І кожная з гэтых хвілін — гэта велізарны досвед, які мы абавязкова выкарыстаем для таго, каб віцебская моладзь магла годна прадстаўляць нашу краіну на такіх маштабных сустрэчах!