Дэлегацыя Віцебшчыны прыме ўдзел у фестывалі нацыянальных культур у Гродне

Творчая дэлегацыя Віцебшчыны прыме ўдзел у XII Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, які пройдзе 1-2 чэрвеня ў Гродне.

Удзельнікі форуму выбраны па выніках абласнога адборачнага тура, на якім працавала рэспубліканскае журы пад старшынствам народнага артыста Беларусі, мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г. Цытовіча Міхаіла Дрынеўскага.

У Гродна запрошаны народны яўрэйскі нацыянальны ансамбль «Віцебскія дзяўчаты» майстар украінскай вышыўкі Марыя Стук, разьбяр па дрэве армянін Хачык Чылінгаран, выканаўцы украінскіх, казахскіх, рускіх і польскіх песень і іншыя. Клуб «Сям'я» Славенскага сельскага Дома культуры Талачынскага раёна павязе стравы малдаўскай кухні, а Святлана Сосік з Мёрскага раёна – мардоўскай.

Упершыню на фестывалі нацыянальных культур будзе прадстаўлена беларускае падвор'е «Куточкі роднай зямлі», дзе кожнай вобласці адведзены свой «куточак». На віцебскім гасцей будуць сустракаць майстры Дома рамёстваў і народны ансамбль народнай песні «Весялуха» Цэнтра культуры з Бешанковіч. 

ТАТЬЯНА ПАСТЕРНАК, "Віцебскія весці", фота з архіва.