Дэлегацыя Віцебскай вобласці прыме ўдзел у IV Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі
Асноўная мэта – садзейнічанне пашырэнню прамых кантактаў паміж дзвюма краінамі, у тым ліку па лініі заканадаўчай і выканаўчай галін улады, дзелавых колаў, а таксама выпрацоўка рэкамендацый па ўдасканаленні нарматыўна-прававой базы для развіцця эканомікі дзяржаў-партнёраў.
Традыцыйна ў працы форуму прымае ўдзел дэлегацыя Віцебскай вобласці, якую ўзначаліць старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў.
Як паведамілі ў камітэце эканомікі аблвыканкама, у Маскву паедуць прадстаўнікі дырэктарскага корпуса Віцебшчыны, у тым ліку кіраўнікі абутковага холдынгу «Марка» і кампаніі «Белвест», Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната, а таксама кіраўнікі некаторых гарадоў і раёнаў. На выставе, арганізаванай у рамках форуму, сваю прадукцыю прадставяць КПУП «Кандытарскі камбінат «Віцьба», ААТ «Верхнядзвінскі масласырзавод», ААТ «Аршанскі мясакансервавы камбінат» і іншыя.
Члены дэлегацыі прымуць удзел у працы пленарных пасяджэнняў, дзе абмяркуюць актуальныя пытанні ўзаемадзеяння дзвюх эканомік ва ўмовах інтэграцыі. Пленарнае пасяджэнне будзе прысвечана тэме «Вектары інтэграцыйнага развіцця рэгіёнаў Расіі і Беларусі ў сферы высокіх тэхналогій, інавацый і інфармацыйнага грамадства». Акрамя таго, чакаецца падпісанне шэрагу пагадненняў паміж рэгіёнамі дзвюх краін.
Вольга Маслоўская. Фота з адкрытых крыніц. «Віцебскія весці».