Дэлегацыя Віцебскай вобласці прыме ўдзел у міжнароднай выставе «Аграрусь» у Санкт-Пецярбургу

Дэлегацыя Віцебскай вобласці прадставіць беларускі АПК на міжнароднай аграпрамысловай выстаўцы «Аграрусь-2022» у Санкт-Пецярбургу, якая адкрываецца 31 жніўня. На калектыўным стэндзе рэгіёна будуць прэзентаваць прадукцыю 11 прадпрыемстваў харчовай, перапрацоўчай прамысловасці, вытворцы ветэрынарных прэпаратаў, тэхналогій і паслуг для сельскай гаспадаркі.

Праект «Аграрусь» з'яўляецца адным з найважнейшых спецыялізаваных мерапрыемстваў Расіі па сельскай гаспадарцы, пляцоўкай для дэманстрацыі дасягненняў у аграпрамысловым комплексе. У гэтым годзе яго ўдзельнікамі стануць больш за 400 кампаній-удзельнікаў з 7 краін і 34 расійскіх рэгіёнаў. У ліку асноўных тэм форуму — імпартазамяшчэнне і цыфравізацыя сельскай гаспадаркі.

Па словах намесніка старшыні аблвыканкама Барыса Ефрэмава, які ўзначаліць дэлегацыю, для віцебскіх вытворцаў найбольш актуальнымі пытаннямі з'яўляюцца ўмацаванне гандлёвых сувязяў, навучанне і абмен вопытам, абмеркаванне напрамкаў рэгіянальнай і вытворчай кааперацыі.

— Удзел у форуме дазваляе нарошчваць экспарт прадукцыі ў расійскія рэгіёны, у тым ліку пашыраць прысутнасць на ёмістым рынку Ленінградскай вобласці, і дабівацца стабільнасці паставак. Пра гэта сведчыць вопыт ААТ «Віцебскхлебпрам», якое на працягу дзесяцігоддзя вынікова працуе на выстаўцы, што пацвярджае экспартная выручка акцыянернага таварыства, — адзначыў Барыс Ефрэмаў. — Акрамя таго, Санкт-Пецярбург — партовы горад, таму з улікам бягучай сітуацыі віцебскія вытворцы кансерваванай прадукцыі могуць скарыстацца магчымасцю падключыцца да сістэмы забеспячэння прадуктамі харчавання марскога транспарту.

Шырокая дзелавая праграма, якая ўключае Аграпрамысловы кангрэс, шэраг галіновых канферэнцый, круглых сталоў, семінараў і бізнес-кансультацый, дае добрыя магчымасці для азнаямлення з перадавым вопытам, абмену ведамі і кампетэнцыямі з вядучымі вытворцамі галіны, упэўнены намеснік старшыні аблвыканкама. Прадстаўнікі Віцебшчыны паўдзельнічаюць у пленарным пасяджэнні форуму, дзе прадставяць вопыт рэгіёна па ўстойлівым развіцці АПК, прапановы па магчымых напрамках кааперацыі. У планах таксама наведванне перадавых гаспадарак Ленінградскай вобласці, якія спецыялізуюцца на жывёлагадоўлі і раслінаводстве, развіццё ўзаемадзеяння па такіх напрамках, як кармавытворчасць і насенняводства.

Удзельнікам дэлегацыі трэба будзе выканаць яшчэ адну важную місію — перадаць губернатару Ленінградскай вобласці Аляксандру Драздоўскаму запрашэнне на абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2022» у Глыбокім.

"Віцебскія весці"