Дэлегацыя Віцебскай вобласці прыме ўдзел у традыцыйнай сустрэчы ветэранаў на Кургане Дружбы

Делегация Витебской области примет участие в традиционной встрече ветеранов на Кургане Дружбы

Дэлегацыя Віцебскай вобласці прыме ўдзел 7 ліпеня ў традыцыйнай, 54-й па ліку, сустрэчы ветэранаў, партызан і падпольшчыкаў з Беларусі, Расіі і Латвіі на Кургане Дружбы.

У складзе віцебскай дэлегацыі будзе больш за 100 чалавек - гэта ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, актыўныя ўдзельнікі партызанскага руху і падпольшчыкі, прадстаўнікі аблвыканкама, дэпутацкага корпуса і грамадскасці.

Сёлета прымаючым бокам выступае Расія. Асноўныя ўрачыстасці пройдуць на тэрыторыі Себежскага раёна Пскоўскай вобласці. У адпаведнасці з усталяваным рытуалам мерапрыемства пачнецца з шэсця калон ветэранаў з тэрыторыі трох краін па сцежках да Кургана Дружбы. На ўрачыстым мітынгу ўдзельнікі сустрэчы ўспомняць баявых таварышаў, ушануюць іх памяць хвілінай маўчання. Афіцыйную частку ўрачыстасцей працягне цырымонія ўскладання вянкоў і кветак да помнікаў героям-камсамольцам вёскі Прошкі, які размешчаны на беларускім баку, Герою Савецкага Саюза Марыі Пынто ў Расіі. Латвійскія ветэраны ўскладуць кветкі ад імя ўдзельнікаў сустрэчы да помніка Герою Савецкага Саюза Іманту Судмалісу, які ўзведзены на латвійскай зямлі. Перад ветэранамі выступяць творчыя калектывы Пскоўскай і Віцебскай абласцей. Завершыцца памятная сустрэча вечарам успамінаў каля імправізаванага партызанскага вогнішча.

Курган Дружбы быў насы́паны ў 1959 годзе на мяжы трох рэспублік — БССР, РСФСР і Латвійскай ССР у гонар баявога садружнасці партызан Беларусі, Латвіі і Расіі. Зямля для яго ўзята з магіл партызан і воінаў Чырвонай Арміі, з месцаў гібелі Аляксандра Матросава, Клавы Назаравай, Лені Голікава, Машы Парываевай і іншых герояў. Да кургана пракладзены тры алеі: з Беларусі — бярозавая, з Расіі — кляновая, з Латвіі — ліпавая. На вяршыні Кургана расце дуб — сімвал непарушнай дружбы трох народаў. На трох гранітных плітах на трох мовах напісана: «Курган Дружбы узведзены на стыку межаў трох братніх рэспублік у гонар баявой дружбы, скрэпленай крывёй у гады Вялікай Айчыннай вайны рускіх, беларускіх і латышскіх партызан. Адкрыты 3 ліпеня 1959 года». На тэрыторыі комплексу працякае рэчка Сіняя, якая з'яўляецца цяпер мяжой паміж Расіяй і Латвіяй.

Алена Ціханава — БЕЛТА