Дэлегацыя Віцебскай вобласці прыняла ўдзел у святочных мерапрыемствах, прысвечаных 75-годдзю Курскай бітвы

Делегация Витебской области приняла участие в праздничных мероприятиях, посвященных 75-летию Курской битвы
75 гадоў таму адбылася адна з найбуйнейшых бітваў Вялікай Айчыннай вайны – Курская бітва. Перамога ў ёй савецкіх войскаў прывяла да канчатковага пераходу стратэгічнай ініцыятывы ад вермахта да Чырвонай арміі і вызвалення Арла, Белгарада і Харкава ад фашысцкай акупацыі. Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею, наведаў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Вядучы цырымоніі зачытаў прывітанне ў сувязі з 75-годдзем перамогі ў Курскай бітве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

«Гэта бітва застанецца ў гісторыі як прыклад сапраўднай мужнасці і гераізму, сілы духу і веры ў Перамогу. Кожны кавалак курскай зямлі паліта крывёю загінуўшых герояў, салдат і афіцэраў розных нацыянальнасцей. Іх подзвіг вечна будзе жыць у сэрцах беларусаў», - гаворыцца ў віншаванні. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пачуццё глыбокай удзячнасці воінам-вызваліцелям, якія падарылі людзям права на мірнае жыццё, назаўжды аб'яднала брацкія народы Беларусі і Расіі.

Ля стэлы «Героям-курянам» на Чырвонай плошчы Курска і на мемарыяле «Памяці загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны» кветкі і вянкі ўсклалі губернатар Аляксандр Міхайлаў, жыхары абласнога цэнтра, афіцыйныя дэлегацыі з усіх рэгіёнаў Расіі, Віцебскай і Магілёўскай абласцей Беларусі, ветэранскія арганізацыі з Арменіі, Украіны і Чэхіі.

«Гісторыя даўно вынесла на суд нашчадкаў вынікі і значэнне Курскай бітвы. Прайшло 75 гадоў. Але новыя падрабязнасці, якія адкрываюцца, прымушаюць здзіўляцца мужнасці салдат, якія перамаглі ў найжорсткішай бітве на Курскай дузе. Больш за 100 тыс. воінаў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, 231 чалавек удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Іх слаўныя імёны замацаваны ў назвах вуліц і плошчаў», - адзначыў у сваім выступе Аляксандр Міхайлаў.

У курскай зямлі спачывае прах дзясяткаў тысяч савецкіх воінаў: рускіх, беларусаў, украінцаў, прадстаўнікоў народаў Каўказа і Сярэдняй Азіі. Хвілінай маўчання ля Вечнага агню жыхары і госці Курска ўшанавалі іх памяць, схіліўшы галовы ў знак удзячнасці тым, хто аддаў свае жыцці за Радзіму і мір на зямлі.

«Падзеі 75-гадовай даўніны – найважнейшае змаганне, якое змяніла ход Вялікай Айчыннай вайны, – адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Генадзь Ягораў. – Гэта найвялікшая падзея, у якой прынялі годнае ўдзел і ўраджэнцы Віцебскай вобласці. Сёння мы разам аддаём даніну памяці гераічным абаронцам Айчыны, і я ўпэўнены, што святочныя мерапрыемствы паспрыяюць умацаванню дружбы і супрацоўніцтву паміж нашымі братнімі народамі».

Да моманту пачатку Курскай бітвы, на якую гітлераўскія войскі ўскладалі вялікія надзеі ў плане ўтрымання стратэгічнай ініцыятывы вядзення вайны пасля паразы пад Сталінградам, сабраліся гіганцкія сілы і сродкі. Паводле даных Міністэрства абароны Расіі, у Курскай бітве з абодвух бакоў уступіла больш за 2 млн чалавек асабовага складу армій, выкарыстана больш за 7 тыс. танкаў і самаходных гармат, звыш 4 тыс. самалётаў. І гэта толькі ў першыя дні змаганняў.

Курская бітва працягвалася з 5 ліпеня да 23 жніўня і завяршылася разгромам праціўніка, страты якога склалі больш за 500 тыс. забітымі, параненымі і тымі, хто здаўся ў палон. Адным з найбольш драматычных і гераічных момантаў бітвы можна лічыць танкавае змаганне пад Прахораўкай.

За мужнасць і стойкасць, праяўленыя пры абароне Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Курску ў ліку першых трох гарадоў Расіі ў 2007 годзе прысвоена ганаровае званне «Горад воінскай славы».

Тысячы гледачоў сталі сведкамі ваеннага параду ў гонар 75-годдзя Курскай бітвы. Механізаваную калону ўзначаліў легендарны танк Т-34, якому не было роўных у гады вайны. Увечары неба над абласным цэнтрам размаляваў яркімі колерамі святочны салют.

"Віцебскія весці".