Дэлегацыя Віцебскай вобласці прыняла ўдзел у рэспубліканскім экскурсійным праекце
Нягледзячы на тое, што Палац Незалежнасці з'явіўся пазней за атрыбуты нацыянальнай дзяржаўнасці, ён таксама стаў сімвалам нашай суверэннай рэспублікі. У сценах рэзідэнцыі Прэзідэнта адбыліся самыя галоўныя не толькі ў краіне, але і ў свеце палітычныя падзеі, сярод якіх пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, саміт кіраўнікоў дзяржаў СНД, ушанаванне беларускіх алімпійцаў, інаўгурацыя кіраўніка дзяржавы. Да таго ж палац стаў па-сапраўднаму культурным здабыткам усёй нацыі, таму ён адкрыты для наведванняў па асабістым распараджэнні беларускага лідара. Упершыню да такога экскурсійнага праекта далучылася дэлегацыя Віцебшчыны, у склад якой увайшлі лепшыя прадстаўнікі УП «Віцебскаблгаз».
У дзверы, за якімі прымаюцца лёсавызначальныя рашэнні, практычна ўсе 36 прадстаўнікоў нашага рэгіёну ўвайшлі ўпершыню. А вось генеральны дырэктар УП «Віцебскаблгаз» Пётр Шэршань ужо знаёмы з інтэр'ерам гэтых гістарычных сцен — у адным з урачыстых залаў у кастрычніку мінулага года кіраўнік дзяржавы прысвоіў ганаровае звание «Заслужаны энергетык Рэспублікі Беларусь».
Дэлегацыі нашай вобласці прадставілася магчымасць прысесці за круглы міратворчы стол — той, за якім у лютым мінулага года пасля мінскіх перамоваў «нармандская чацвёрка» падпісала найважнейшыя дакументы, а таксама прымерыцца да крэслаў у залах рабочых нарад Прэзідэнта. Удзельнікі экскурсіі, перамяшчаючыся з памяшкання ў памяшканне, вядомым па кадрах афіцыйных хронік, былі ўражаны іх планіроўкай, гарманічнасцю і функцыянальнасцю.
— Сёння такі стратэгічны аб'ект, як Палац Незалежнасці, з'яўляецца адным з самых уражлівых архітэктурных збудаванняў, які стаў свайго роду афіцыйнай візітнай карткай нашай краіны. У комплексе з плошчай Дзяржаўнага Сцяга ён падкрэслівае непахіснасць беларускай дзяржаўнасці і незалежнасці, — адзначыў Пётр Шэршань.
Дазначным падзеям і дасягненням маладой і ў той жа час багатай традыцыямі нашай рэспублікі дакрануліся віцябляне падчас наведвання Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Вядучае месца ў паказе адведзена працэсам станаўлення рэспублікі, канстытуцыйным рэформам, устанаўленню дзяржаўнай сімволікі, функцыянаванню органаў кіравання. У ліку экспанатаў — дасягненні нашых суайчыннікаў у галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, адукацыі, навукі, медыцыны, культуры, спорту, міжнародных адносін.
— Для гасцей краіны, як і для яе жыхароў, такое падарожжа ў часе — добрая магчымасць яшчэ лепш пазнаць гісторыю нашай маладой Дзяржавы, віртуальна пабываць у розных кутках краіны, — канстатавала галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Ірына Капшуль, прыняла ўдзел у складзе дэлегацыі ад вобласці, падкрэсліўшы важнасць экскурсійнага праекта ў фарміраванні ў жыхароў вобласці грамадзянскасці і патрыятызму.
Дарэчы, эстафету наведвальнікаў гэтых жа знакавых месцаў наступным разам прыме дэлегацыя з Наваполацка.
Вольга БУЛАВКА, «Віцебскія весці». Фота з архіва УП «Віцебскаблгаз».