Дэлегацыя Віцебскай вобласці ў кастрычніку наведае італьянскую правінцыю Брэшыя

11 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Дэлегацыя Віцебскай вобласці 11-15 кастрычніка наведае з дзелавым візітам італьянскую правінцыю Брэшыя, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Віцебскага аддзялення Беларускай тар- гава-прамысловай палаты Валерый Валюшкін. Галоўнай тэмай візіту стане прэзентацыя эканамічных магчымасцей Віцебска і Віцебскай вобласці, СЭЗ "Віцебск", а таксама інвестыцыйных праектаў, прапанаваных для рэалізацыі з удзелам італьянскага капіталу. У склад дэлегацыі ўвойдуць кіраўнікі вобласці і вядучых прадпрыемстваў Віцебшчыны, зацікаўленых ва ўсталяванні дзелавых кантактаў з італьянскімі партнёрамі па розных напрамках супрацоўніцтва. У праграме візіту плануецца арганізацыя сустрэч кіраўніцтва аблвыканкама з кіраўнікамі муніцыпалітэта, прэфектуры і правінцыі, а таксама прадстаўнікамі рэгіёна Ламбардыя, у які адміністрацыйна ўваходзіць правінцыя Брэшыя. Па выніках прадугледжваецца падпісанне дагавораў аб супрацоўніцтве. Дзелавая частка праграмы візіту прадугледжвае правядзенне бізнес-форуму для віцебскіх і італьянскіх прадпрыемстваў і бізнес-сустрэч у гандлёва-прамысловай палаце горада Брэшыя. Для беларускай дэлегацыі будзе арганізавана наведванне шэрагу прадпрыемстваў, у тым ліку аднаго з найбуйнейшых у Еўропе прадпрыемстваў па перапрацоўцы адходаў, а таксама асацыяцыі прадпрымальнікаў правінцыі Брэшыя і навукова-тэхналагічнага парку "Кіламетра Роса" ў Бергама. Арганізатарамі візіту выступаюць аблвыканкам, Віцебскае аддзяленне БелГПП і Асацыяцыя гандлёва-прамысловых палат Цэнтральнай Еўропы (ACCOA). Правінцыя Брэшыя размешчана ў паўночнай частцы Італіі, яе плошча складае больш за 4,7 тыс. кв. км, насельніцтва - звыш 1,1 млн чалавек. Асноўнымі відамі дзейнасці з'яўляюцца сельскагаспадарчая вытворчасць (аліўкі і аліўкавы алей, віно), вытворчасць транспартных сродкаў, пад'ёмна-транспартнага абсталявання, у правінцыі развіты металургічная і тэкстыльная прамысловасць, энергетыка, выпуск будаўнічых матэрыялаў, зброевая вытворчасць.-0-