Дэлегацыя Віцебскай вобласці адправілася ў Мінск на ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь
Валерый Жандараў, палкоўнік у адстаўцы, старшыня Шумілінскай раённай арганізацыі ГА "Беларускі саюз афіцэраў":
- Для мяне Дзень Незалежнасці - гэта свята, звязанае з вызваленнем Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне. Таму ў гэты дзень мы ўспамінаем гераічнае мінулае нашага народа, тых, хто загінуў. І, самае галоўнае, распавядаем пра гэта моладзі, каб яна разумела, якой цаной нам дасталася Перамога і як важна шанаваць і захоўваць мір на нашай зямлі.
Ніна Якімуш, начальнік фінансавага аддзела Лёзненскага райвыканкама.
- Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь - адно з галоўных свят у нашай сям'і. У гэты дзень мы прымаем удзел у святочных мерапрыемствах, аддаём даніну памяці героям, якія загінулі пры вызваленні Лёзненскага раёна. Мы ганарымся сваёй цудоўнай, працавітай, блакітнавокай, незалежнай краінай, яе дасягненнямі ў розных сферах дзейнасці: навуцы, спорце, сельскай гаспадарцы. Напярэдадні Дня Незалежнасці хочацца пажадаць нашай краіне далейшага росквіту, а яе жыхарам моцнага здароўя, міру, дабра і дабрабыту.