Справа аб забойстве маладога таксіста ў Віцебску будзе перададзена ў пракуратуру на працягу месяца

Крымінальная справа аб забойстве маладога таксіста ў Віцебску будзе перададзена ў пракуратуру на працягу месяца. Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі паведаміў начальнік упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці Уладзімір Шалухін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Расследаванне справы набліжаецца да лагічнага завяршэння. Следчыя атрымалі бясспрэчныя доказы віны жыхара Віцебска 1971 года нараджэння ў забойстве маладога таксіста. Па словах Уладзіміра Шалухіна, абвінавачваны прызнае сваю віну часткова, адмаўляючы карыслівы матыў, і сцвярджаючы, што мелі месца асабістая непрыязнасць і канфлікт, які здарыўся напярэдадні. Аднак праведзенае расследаванне дазваляюць зрабіць высновы аб карыслівым матыве гэтага злачынства, бо з аўтамабіля забітага былі выкрадзены грошы, навігатар, мабільны тэлефон. Усё гэта выяўлена і далучана да матэрыялаў крымінальнай справы ў якасці рэчавых доказаў.

Як паведамлялася раней, увечары 12 верасня 2012 года ў Віцебску адбылося забойства 20-гадовага супрацоўніка МНС, які падпрацоўваў у вольны час таксістам. Цела з агнястрэльным раненнем было знойдзена раніцай 13 верасня ў аўтамабілі. Па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа па п.12 ч.2 арт.139 "Забойства з карыслівых меркаванняў" Крымінальнага кодэкса Беларусі.

На шосты дзень пасля выяўлення цела ў ходзе аператыўна-следчых дзеянняў была выяўлена асоба, падазроная ў гэтым жорсткім злачынстве. Ім аказаўся жыхар Віцебска, раней судзімы за крадзеж аўтатранспартнага сродку (судзімасць пагашана. - Заўвага. БЕЛТА). Злачынства мела вялікі грамадскі рэзананс. Велізарную дапамогу ў розыску падазронага ў забойстве аказалі грамадзяне, карпаратыўную салідарнасць праявілі віцебскія таксісты, якія актыўна ўдзельнічалі ў розыску маладога чалавека.

БЕЛТА