Дзелавое партнёрства Нямеччыны і Віцебскай вобласці не павінна абмяжоўвацца стварэннем супольных прадпрыемстваў
Віцебск з афіцыйным візітам наведаў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь Вольфрам Маас.
Кіраўнік дыпмісіі абазначыў мэту сваёй паездкі ў паўночны рэгіён Беларусі як знаёмства з эканамічным, адукацыйным і культурным патэнцыялам вобласці, вызначэннем перспектыўных напрамкаў для супрацоўніцтва.
– У нашых краін шмат агульнага, Беларусь, як і Германія, не багатая на карысныя выкапні. Мы можам разлічваць толькі на паспяховую працу людзей. Мяркуючы па тым, што я ўбачыў, магу з упэўненасцю сказаць: чалавечы патэнцыял беларусаў вельмі высокі, – заявіў Вольфрам Маас.
У ходзе яго сустрэчы са старшынёй аблвыканкама Аляксандрам Касінцам былі закрануты найважнейшыя аспекты супрацоўніцтва Віцебшчыны з Германіяй, якая з'яўляецца адным з нашых галоўных партнёраў у розных сферах дзейнасці. Знешнеэканамічны абарот вобласці з ФРГ у мінулым годзе дасягнуў 192,6 млн долараў. Аснову экспарту ў Германію складаюць хімічныя злучэнні і торф, а таксама шкловалакно, лесаматэрыялы, аптычныя прыборы. На жаль, і на гэта звярнуў увагу кіраўнік вобласці, прадстаўнікі замежных, у тым ліку нямецкіх кампаній арыентуюцца на вываз сыравіны, а не гатовай прадукцыі, адмаўляюцца ад прапаноў глыбокай перапрацоўкі. Была таксама абазначана праблема экспарту прадукцыі прадпрыемстваў мясамалочнай і харчовай галін, якая з-за высокіх мытных і іншых плацяжоў становіцца неканкурэнтаздольнай.
З Германіі імпартуюцца звыш 300 найменняў тавараў, гэта перш за ўсё палімеры, хімічная сыравіна, кіслоты, рэагенты, лекавыя сродкі, абсталяванне для прадпрыемстваў.
На тэрыторыі вобласці зарэгістравана каля 40 суб'ектаў гаспадарання з нямецкім капіталам, у тым ліку 9 сумесных і замежных прадпрыемстваў з агульным статутным фондам 1,8 млн долараў. У якасці прыкладу паспяховага супрацоўніцтва можна назваць нямецкую фірму «Эвімекс» і нашу «Марка», прадпрыемствы «Вітэла», «Грацыя», нямецкую кампанію «Штоц Агра-Сервіс», якая больш за 7 гадоў працуе ў Аршанскім раёне, займаецца вырошчваннем збожжавых, гародніны, вытворчасцю малака. «Станоўчы прыклад працы прадпрыемстваў з замежным капіталам – лепшая рэклама для патэнцыйных інвестараў», – перакананы пасол.
На працягу 10 гадоў Германія была асноўным партнёрам пры стварэнні сумесных прадпрыемстваў, сёння ж нямецкі бок практычна не ўкладвае прамыя інвестыцыі. Становішча трэба мяняць – да такой высновы прыйшлі Аляксандр Косінец і Вальфрам Маас. Штуршком, на думку кіраўніка вобласці, стала б замацаванне партнёрскіх сувязяў паміж гарадамі. Кожны раённы цэнтр Віцебшчыны мог бы знайсці сабе пабраціма ў Германіі, такія сувязі пойдуць на карысць нашым дзелавым адносінам.
Спадар пасол абяцаў садзейнічанне ў наладжванні кантактаў з бізнес-коламі Германіі, заявіў, што яго краіна зацікаўлена ў тым, каб у яе ўсходняга суседа справы ішлі добра. Вольфрам Маас таксама падзяліўся ўражаннямі аб наведванні віцебскай сярэдняй школы №45, якая ўвайшла ў лік 10 навучальных устаноў Беларусі, што прымаюць удзел у праграме «Школы: партнёры будучыні». Пасол уручыў дыпломы 1-й ступені дзесяці вучням, якія паспяхова здалі экзамены па нямецкай мове. Ён таксама пабываў у музеі Марка Шагала.
Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"