Дзелавы цэнтр "Віцебск-сіці" і Палац шлюбаў плануецца ўзвесці ў Віцебску
16 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Бізнес-цэнтр "Віцебск-сіці", шматфункцыянальныя комплексы і Палац шлюбаў плануецца ўзвесці ў Віцебску. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў галоўны архітэктар абласнога цэнтра Віталь Дубік. Эскізныя праекты забудовы ўпершыню прадстаўлены на міжнародным інвестыцыйным форуме, які сёння завяршае работу ў Віцебску.
Зямельны ўчастак плошчай каля 30 га пад забудову бізнес-цэнтра "Віцебск-сіці" мяркуецца вылучыць у адной з цэнтральных частак горада. Тут размесцяцца офісныя будынкі, у тым ліку павышанай паверхавасці, а таксама аб'екты індустрыі забаў і адпачынку. Акрамя таго, у бізнес-цэнтры прадугледжана будаўніцтва жылых будынкаў. У цяперашні час на гэтай пляцоўцы знаходзіцца вайсковая частка, якую мяркуецца перадыслакаваць на ўскраіну горада, дадаў Віталь Дубік.
Палац шлюбаў будзе пабудаваны ў гістарычнай частцы горада на плошчы Тысячагоддзя. Інвестыцыйная прапанова прадугледжвае ўзвядзенне шматфункцыянальнага двухпавярховага будынка агульнай плошчай амаль 1,5 тыс. кв.м. Акрамя ўрачыстай рэгістрацыі шлюбаў, праект прадугледжвае ўвесь комплекс суправаджальных паслуг. Так, у будынку размесцяцца салоны для маладых, дзе можна будзе набыць усе неабходныя тавары і аксэсуары для ўрачыстасці, замовіць вясельны картэж, а таксама правесці ўрачысты вечар у банкетнай зале. Акрамя таго, мяркуецца будаўніцтва агляднай пляцоўкі з цудоўнымі відамі на набярэжную і парк Тысячагоддзя, які плаўна перацякае ў парк Пераможцаў. У непасрэднай блізкасці з пляцоўкай пад будаўніцтва размешчана Благавешчанская царква, дзе будучыя маладыя змогуць здзейсніць таінства вянчання. Тут жа мяркуецца ўсталяваць помнік Аляксандру Неўскаму.
Гарвыканкам таксама прапануе інвестарам прыняць удзел у будаўніцтве двух спартыўна-забаўляльных цэнтраў плошчай каля 10 тыс. кв.м кожны. Адзін з такіх цэнтраў плануецца размясціць у жылым мікрараёне на скрыжаванні вуліц Чкалава і Воінаў-інтэрнацыяналістаў, другі - на беразе ракі Лучоса. Абодва комплексы павінны быць трохузроўневымі і максімальна насычанымі аб'ектамі сацыяльнай інфраструктуры, у тым ліку для заняткаў фізічнай культурай, адпачынку і забаў, а таксама гандлёвымі заламі.-0-