Демінералізаваную сухую сыроватку ўпершыню ў Беларусі будзе вырабляць Верхнядзвінскі масласырзавод

5 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. ААТ "Верхнядзвінскі масласырзавод" плануе ў чэрвені правесці пробны тэхналагічны пуск у цэху сушкі сыроваткі і прыступіць да выпуску новага віду прадукцыі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны інжынер прадпрыемства Уладзімір Ракшня. Новы цэх разлічаны на сушку 200 т сыроваткі ў суткі. З яго ўводам на прадпрыемстве будзе створана бязглейкавая вытворчасць і вырашаны экалагічныя праблемы з утылізацыяй адходаў. Сыроватка, як адходы малочнай перапрацоўкі, багатая малочнымі бялкамі, лактоглабулінам, лактаальбумінам і імунаглабулінам. Сухая сыроватка з'яўляецца сыравінай для харчовай, фармакалагічнай прамысловасці, а таксама выкарыстоўваецца для вырабу заменніка суцэльнага малака ў жывёлагадоўлі для выпайвання цялят. Па словах галоўнага інжынера, дзякуючы спецыяльна закупленым у Чэхіі электрадыялізным устаноўкам, на Верхнядзвінскім масласырзаводзе ўпершыню ў Беларусі будзе выпускацца дэмінералізаваная сыроватка, якая мае больш шырокі спектр прымянення ў харчовай прамысловасці, у тым ліку для дзіцячага харчавання. Сухая сыроватка запатрабавана як на ўнутраным, так і на знешнім рынку. Частку новага віду прадукцыі плануецца прадаваць на экспарт. У цяперашні час у пабудаваным вытворчым памяшканні вядзецца мантаж абсталявання еўрапейскіх вытворцаў, падключаюцца інжынерныя камунікацыі. Агульны кошт праекта складае Br38 млрд., з якіх Br13 млрд. прыпадае на абсталяванне. Праект рэалізуецца ў адпаведнасці з дзяржпраграмай перапрацоўкі малочнай сыроваткі і вытворчасці сухога малака. Ён уключаны ў пералік найважнейшых інвестыцыйных праектаў, прадугледжаных да рэалізацыі ў 2011 годзе. Верхнядзвінскі масласырзавод створаны ў 1964 годзе. Прадпрыемства акцыянавана ў 1999 годзе, яго заснавальнікам з'яўляецца Віцебскі аблвыканкам. Дзяржаве належыць 95,3% акцый. Завод спецыялізуецца на вытворчасці цвёрдых сычужных сыроў і сметанковага масла. Па папярэдніх даных за першы квартал, тэмп росту вытворчасці прадукцыі ў дзейсных цэнах склаў 126,4%. Тэмп росту экспарту ў студзені-лютым перавысіў 175%. За два месяцы прадукцыйнасць працы ўзрасла амаль на 37%. ААТ "Верхнядзвінскі масласырзавод" першым у Беларусі атрымаў сертыфікат адпаведнасці сістэме менеджменту якасці LST EN ISO 9001:2008 і бяспекі харчовых прадуктаў LST EN ISO 22000:2005.-0-