Дэмантаваная раней скульльптурная кампазіцыя "Тарас на Парнасе" вяртаецца ў Гарадок
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Гамзюк паведаміла «Віцебскім весткам», што скульптурная кампазіцыя «Тарас на Парнасе» днямі вернецца ў райцэнтр. Яе выкупіў для Гарадка прэзідэнт расійскага канцэрна «Дзіскасельскі», які мае на тэрыторыі раёна сельскагаспадарчае вытворчае прадпрыемства, Юрый Брагінец.
Свой час помнік, прысвечаны вядомай беларускай сатырычнай паэме, якую напісаў у XIX стагоддзі ўраджэнец Гарадоччыны Кастусь Вераніцын, усталявалі ў гарадскім парку да абласнога фестывалю працаўнікоў вёскі «Дажынкі». Ён адразу стаў адной з славутасцяў, мясцовыя жыхары і госці райцэнтра з задавальненнем фатаграфаваліся побач з вясёлым лесвіком, нібыта выйшаўшым з кнігі. Але прастаяла скульптура толькі два месяцы, была дэмантаваная і вывезена ў Мінск.
Як патлумачылі тады прадстаўнікі ТАА «Ліцейны двор» – прадпрыемства, якое вырабіла помнік, — з імі не разлічыліся за працу, не атрымалі ганарар і аўтары – віцебскія скульптары Іван Казак і Сяргей Сотнікаў. Са свайго боку мясцовыя ўлады казалі пра завышаны кошт кампазіцыі, але выказвалі надзею, што кампраміс будзе знойдзены, і літаратурны герой, які стаў своеасаблівым брэндам Гарадка, вернецца на радзіму.
На шчасце, гэтае пытанне цяпер вырашана дзякуючы спонсару. Неўзабаве «Тарас на Парнасе» вернецца ў райцэнтр – скульПтурную кампазіцыю ўсталююць на ранейшае месца. І цяперашняе свята народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору «Гарадоцкі Парнас», прысвечанае паэту-земляку, якое праводзіцца з 1998 года, сустрэнуць разам з героем паэмы, што праславіла здешнія мясціны.
Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"