Дзень Беларусі пройдзе сёння на «Славянскім базары ў Віцебску»

15 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Дзень Беларусі пройдзе сёння на XVIII Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў дырэкцыі форуму. Традыцыйна дзень адкрыецца прэс-канферэнцыяй з удзелам дзеячаў мастацтваў краіны. Непаўторная сустрэча чакае таксама гасцей і ўдзельнікаў форуму на "Зорным часе" - традыцыйнай для фестывалю сустрэчы са знакамітасцямі. Яе галоўнымі ўдзельнікамі стануць папулярныя выканаўцы Барыс Маісееў і Анжаліка Агурбаш. Аматараў танца парадуе выступленне Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага калектыву "Харошкі", артыстам якога апладзіравалі больш чым у 30 краінах свету. Завершацца ў гэты дзень і хваляванні самых юных удзельнікаў конкурсу форуму: другое конкурснае выступленне 19 удзельнікаў дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2009" з 16 краін свету дазволіць вызначыцца журы з выбарам пераможцаў. Аднак афіцыйна іх імёны будуць агучаны толькі 16 ліпеня на гала-канцэрце ў канцэртнай зале "Віцебск". Увечары з галоўнай сцэны "Славянскага базару" фестывальны горад прывітаюць лепшыя творчыя сілы Беларусі. У канцэртнай праграме "Здраўствуй, Віцебск!" выступяць Іскуі Абалян, Ірына Дарафеева, Інна Афанасьева, Анжаліка Агурбаш, Уладзімір Гасцюхін, Алеся, ансамблі "Беларускія песняры", "Сябры", "Верасы", "Зорка". Маладое пакаленне папулярных эстрадных выканаўцаў прадставяць Паліна Смалова, Ганна Шаркунова і іншыя артысты. Гасцямі гэтага маштабнага свята стануць Мікалай Дабранараваў, Аляксандра Пахмутава, Барыс Маісееў, Надзея Кадышава і ансамбль "Залатое кальцо".-0-