Дзень беларускага пісьменства ў 2017 годзе прыме Полацк
Дзень беларускага пісьменства ў 2017 годзе прыме Полацк, паведаміла сёння журналістам віцэ-прэм'ер Наталля Качанава перад пасяджэннем Міжведамаснага экспертна-каардынацыйнага савета па турызме пры Савеце Міністраў.
"У гэтым годзе маштабнае свята прыме Рагачоў. На апошнім пасяджэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы свята было прынята рашэнне, што наступнай сталіцай Дня пісьменства стане Полацк, нягледзячы на тое, што тут праходзіла свята ўжо не адзін раз. Сімвалічна, што як раз у 2017 годзе будзе адзначацца і год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, і ў Полацку нарадзіўся Францыск Скарына", - сказала Наталля Качанава.
На думку віцэ-прэм'ера, Полацк павінен стаць турыстычнай Меккай - для гэтага ёсць усё неабходнае. Пры гэтым Наталля Качанава звярнула ўвагу, што не ўсе аб'екты, цікавыя для турыстаў, задзейнічаны ў поўнай меры. "Усё, што трэба для развіцця турызму, у Полацку ёсць. Гэта вельмі важны з гістарычнага пункту гледжання горад, тут знаходзяцца славутасці, якія могуць прыцягнуць большую колькасць турыстаў", - лічыць яна. Дзень беларускага пісьменства - нацыянальнае свята, якое адзначаецца штогод у першую нядзелю верасня. Упершыню яно прайшло ў 1994 годзе ў Полацку. Сталіцамі Дня пісьменства становяцца гістарычныя і культурныя цэнтры, з якімі звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны.