Дзень беларускага пісьменства ў Глыбокім будзе пазнавальным і забаўляльным

10 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзень беларускага пісьменства ў Глыбокім будзе пазнавальным і забаўляльным, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Як расказалі ў Міністэрстве інфармацыі, святу будзе папярэднічаць адкрыццё 1 верасня мемарыяльнай дошкі, прысвечанай пісьменніку і публіцысту Леанцію Ракоўскаму, выстава-прэзентацыя "Паэтычная гасцёўня" Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прысвечаная творчасці народных паэтаў Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка. Таксама адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў ХХ Рэспубліканскага конкурсу "Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры", будуць працаваць выставы друкаваных рарытэтаў з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і гісторыі пісьменства "Ад бераставіцы да інтэрнэту" з фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. На гэты ж дзень запланаваны міжнародны круглы стол "Пісьменнік. Кніга. Час", які пройдзе пры ўдзеле беларускіх і замежных пісьменнікаў, навукова-практычная канферэнцыя "Глыбоцкае чытанне" і конкурс юных чытальнікаў Глыбоцкага раёна "Жывая класіка" да юбілеяў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка. Адкрыецца персанальная выстава, прысвечаная творчасці беларускага тэатральнага і літаратурнага дзеяча Ігната Буйніцкага. Госці Дня пісьменства запрашаюцца на этнадыскатэку "Старадаўнія рытмы", фальклорнае свята, канцэрты заслужанага калектыву Беларусі ансамбля народнай музыкі "Бяседа" і творчых калектываў вобласці, а таксама выставу-кірмаш падворкаў гарадоў і раёнаў вобласці "Віцебшчына гасцінная". Дзень пісьменства стартуе 2 верасня з боскай літургіі ў Кафедральным саборы Раства Прасвятой Багародзіцы. Адкрыецца сквер знакамітых землякоў-глыбачан. На галоўнай сцэне па традыцыі будуць узнагароджаны пісьменнікі-пераможцы Рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор 2012 года. Можна будзе паслухаць канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Беларусі ім.Г.Цітовіча, выступленні творчых калектываў вобласці і замежных гасцей, а таксама азнаёміцца з маладзёжным праектам "Час выбраў нас". У праграме свята - фестываль кнігі і прэсы, які ўключае дэманстрацыю выставы "СМІ Віцебшчыны", прэзентацыі выдавецкіх праектаў і сустрэчы з пісьменнікамі, паэтамі, выдаўцамі, журналістамі, распаўсюджвальнікамі прэсы. Забавы падрыхтаваны і для самых маленькіх гасцей Дня пісьменства - свята "Разам з кнігай мы расцём", падчас якога будуць падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў, выстава-кірмаш дэкаратыўна-прыкладной творчасці дзяцей, конкурс малюнкаў на асфальце, дзіцячы пленэр імя Язэпа Драздовіча. Святкаванне працягне тэатралізаванае прадстаўленне "У гасцях у Ігната Буйніцкага", выступленне тэатральных калектываў вобласці, майстар-клас клуба народных майстроў "Крыніца". Акрамя таго, можна будзе азнаёміцца з першабытнай стаянкай, навучыцца здабываць агонь архаічнымі метадамі, азнаёміцца з пісьмом на бяросце і камянях, убачыць майстэрню па перапісванні кніг і многае іншае. Будзе арганізаваны конкурс на лепшае падвор'е сярод сельскіх саветаў і гаспадарак раёна, пройдзе выстава-прэзентацыя турыстычных фірмаў і маршрутаў, адкрыецца выстава "Святлачы зямлі Глыбоцкай". Акрамя таго, будзе працаваць выстава-кірмаш прадукцыі сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў вобласці, пройдзе гала-канцэрт пераможцаў абласнога конкурсу "Песні юнацтва нашых бацькоў" і канцэрт фіналістаў і пераможцаў конкурсу "Звонкая раніца". Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Коласа прадставіць спектакль па п'есе Георгія Марчука "Кракаўскі студэнт". Не абыдзецца свята і без спартыўных спаборніцтваў: будуць арганізаваны паказальныя выступленні парашутыстаў, пройдзе футбольны матч паміж прадстаўнікамі рэспубліканскіх СМІ і ветэранамі футбола г.Глыбокае, спаборніцтвы па армрэслінгу, спартыўным дартсе, настольным тэнісе, шашках, шахматах. Завершыцца чарговы Дзень беларускага пісьменства гала-канцэртам майстроў мастацтваў і святочным феерверкам. Па традыцыі будзе перададзены сімвалічны вымпел гораду-сталіцы будучага свята.