Дзень Нямеччыны можа з'явіцца ў праграме «Славянскага базару ў Віцебску» ў 2010 годзе
15 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Дзень нямецкай культуры можа з'явіцца ў праграме міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ў 2010 годзе. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Мікалайкін па выніках перамоваў з дэлегацыяй нямецкага горада Франкфурт-на-Одэры, якая сёння прыняла ўдзел у міжнародным інвестыцыйным форуме ў Віцебску.
Пытанне правядзення Дня нямецкай культуры ў ліку мерапрыемстваў "Славянскага базару ў Віцебску" абмяркоўвалася падчас сустрэчы бургамістра Франкфурта-на-Одэры Каці Воле і кіраўніка дырэкцыі фестывалю Радзівона Баса. "Нашы нямецкія партнёры праявілі цікавасць да фестывалю і гатовы ўключыцца ў працу па арганізацыі ўдзелу дэлегацыі Германіі ў віцебскім форуме мастацтваў, а гарвыканкам мае намер аказаць ім падтрымку ў гэтым пытанні", - адзначыў Віктар Мікалайкін.
Акрамя таго, у ходзе інвестыцыйнага форуму кіраўнікі Віцебска і Франкфурта-на-Одэры падпісалі праграму рэалізацыі дагавора аб супрацоўніцтве паміж гарадамі на 2009-2011 гады. Дакумент прадугледжвае цэлы комплекс сумесных праектаў у сацыяльна-культурнай сферы, накіраваных на развіццё ўзаемадзеяння прадпрыемстваў і арганізацый двух гарадоў па розных напрамках.
Дагавор аб партнёрстве паміж Віцебскам і Франкфуртам-на-Одэры быў падпісаны ў 1991 годзе, і сёння прыйшоў час напоўніць яго змест новымі ідэямі і праектамі з улікам назапашанага вопыту, падкрэсліў Віктар Мікалайкін. Так, праграмай мерапрыемстваў на 2009-2011 гады прадугледжваецца арганізацыя Дзён Віцебска ў Франкфурце-на-Одэры, абмен дэлегацыямі, сумесныя культурныя і адукацыйныя мерапрыемствы. Акрамя таго, нямецкія партнёры праявілі цікавасць да праекта па рэканструкцыі квартала ў раёне дома-музея Марка Шагала – так званага Шагалаўскага квартала, а таксама да інвестыцыйнага патэнцыялу свабоднай эканамічнай зоны "Віцебск".
Праграма сумесных дзеянняў на 2009-2011 гады паміж Віцебскам і Франкфуртам-на-Одэры дазволіць не толькі ўмацаваць кантакты паміж жыхарамі двух гарадоў, але і напрацаваць новыя перспектывы супрацоўніцтва, якія плануецца замацаваць падпісаннем адпаведнага дакумента ўжо ў 2011 годзе, дадаў Віктар Мікалайкін.-0-