Дзень горада адзначаць у Полацку гістарычнымі рэканструкцыямі, светлавым 3D-шоу і новымі выставамі

3D-шоу, баі на драккарах, майстэрні ажыўленай гісторыі. Новымі праектамі здзівіць праграма Дня горада ў Полацку.

1157-годдзе самага старажытнага горада Беларусі будуць адзначаць з 30 жніўня па 1 верасня. Канцэпцыя свята – «Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці, малая радзіма вялікай краіны». Гэтай тэматыцы і будзе прысвечана шырокая праграма мерапрыемстваў.

Акунуцца ў атмасферу сярэднявечча прапануе міжнародны фестываль «На шляху з варагаў у грэкі», у якім возьмуць удзел клубы гістарычнай рэканструкцыі з Літвы, Латвіі, Расіі, Украіны, Беларусі. Заходняя Дзвіна стане арэнай баёў воінаў на караблях-драккарах. Як мяняўся горад на працягу гісторыі, пакажа светлавое 3D-шоу «Старажытны Полацк». Госці свята змогуць пабываць на майстар-класах па старажытных рамёствах, пазнаёміцца са сярэднявечнай модай і музыкай, даведацца, якія стравы гатавалі нашы продкі ў паўсядзённасці і на пышных пірах.

Маштабны дзіцяча-юнацкі форум «Скарынаўскія дні ў Полацку» збярэ некалькі сотняў удзельнікаў з розных куткоў краіны і замежжа. Маладыя інтэлектуалы прадэманструюць веды падчас «Скарынаўскай алімпіяды», праявяць таленты ў конкурсе рытораў, возьмуць удзел у краязнаўчым квэсце КОД «7 Ключоў» і адкрытым турніры «Скарынаўскія гульні».

На пляцоўках каля помнікаў вядомым палачанам будуць працаваць гістарычныя майстэрні пад адкрытым небам. У раёне плошчы Свабоды школьнікі і педагогі прадставяць праект «Стужка часу». На праспекце Скарыны выступяць вулічныя музыкі, пройдзе фестываль беларускай кухні і разгорнецца Горад майстроў з майстар-класамі па разьбе, вырабе керамікі, вязанні, салома- і лозапляценні, лапікавым шыцці.

Усе адзінаццаць музеяў Полацка прадставяць новыя выставы і экскурсіі, бібліятэкі арганізуюць літаратурнае свята «У цэнтры Еўропы». Аматараў спорту чакаюць прафесійныя баі па кікбоксінгу і ММА «Славянскі кубак» і турнір па сілавым экстрыме «Багатыры Беларусі». У канцэртных праграмах возьмуць удзел зоркі беларускай эстрады, фальклорныя калектывы з Латвіі і Літвы. Перасоўны турыстычны інфармацыйны цэнтр арганізуе прэзентацыі турыстычнага патэнцыялу Полаччыны.

"Віцебскія весці".