Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга адзначылі ў Беларусі

День Государственного герба и Государственного флага отпраздновали в Беларуси
Дзень Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь адзначылі ўчора ў нашай краіне.

Гэты свята ўстаноўлена Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 1995 годзе і адзначаецца ў другую нядзелю мая.

У адпаведнасці з артыкулам 19 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сімваламі нашай краіны як суверэннай дзяржавы з'яўляюцца Дзяржаўны флаг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн.

Эталон герба і Палажэнне аб сцягу зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 1995 года па выніках праведзенага 14 мая 1995 года рэспубліканскага рэферэндуму, адным з пытанняў якога было ўстанаўленне дзяржаўнай сімволікі.

5 ліпеня 2004 года быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь", які накіраваны на прававое рэгуляванне пытанняў дзяржаўных сімвалаў Беларусі, устаноўленых Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, і вызначае апісанне і парадак іх выкарыстання.

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой зялёны контур краіны, накладзены на залатыя прамяні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Вышэй контуру размешчана пяціканцовая чырвоная зорка. Герб апраўлены вянком з залатых жытнёвых коласаў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, а злева - ільну. Каласы абвіты чырвона-зялёнай стужкай, на якой унізе размешчаны надпіс золатам "Рэспублiка Беларусь". Гэта выява на гербе ўвасабляе лепшыя якасці беларускага народа - працавітасць, імкненне да свабоды і патрыятызм.

Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з дзвюх гарызантальна размешчаных каляровых палос чырвонага і зялёнага колеру. У тронка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі. Чырвоны колер на нашым сцягу - гэта колер знамёнаў Чырвонай Арміі і беларускіх партызан, якія вызвалілі родную зямлю ад фашысцкіх захопнікаў. Зялёны колер - колер лясоў і палёў, сімвал вясны, надзеі і адраджэння. Белы колер арнаменту адлюстроўвае духоўную чысціню беларусаў. Сцяг мацуецца на тронку, афарбаваным у залацісты колер.

Герб і сцяг Рэспублікі Беларусь з дапамогай простых і зразумелых сродкаў адлюстроўваюць патрыятычныя, гістарычныя і культурныя традыцыі краіны, характар народа, яго духоўны патэнцыял. Яны надзелены яркімі рысамі і лёгка распазнаюцца сярод усіх дзяржаўных сімвалаў сусветнай супольнасці.

Дзяржаўныя сімвалы - герб і сцяг Беларусі - гэта гісторыя і будучыня беларускай дзяржавы, увасабленне ідэі нацыянальнага адзінства, найважнейшыя атрыбуты суверэнітэту і незалежнасці Айчыны.

БелТА.