Дзень культуры Беларусі пройдзе сёння на «Славянскім базары ў Віцебску»

9 ліпеня, Віцебск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Дзень культуры Беларусі пройдзе сёння на ХХ Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", паведамляе БЕЛТА.

Так, у выставачнай зале "Духоўскі круглік" пачне працу экспазіцыя "Праз гісторыю ў сучаснасць". У Доме кіно будуць прадстаўлены мастацкі фільм "Рыжык у люстэрку" і дакументальны фільм "Базарны век" беларускай вытворчасці. У канцэртнай зале "Віцебск" адбудзецца прэзентацыя выставы сучаснага мастацтва (Беларусь, Латвія, Расія, Украіна), у мастацкім музеі ўвазе наведвальнікаў будзе прапанаваны аўтарскі праект Вольгі і Андрэя Смоляк "Ажылыя карціны", а ў тэатры імя Якуба Коласа пройдуць "Тэатральныя сустрэчы-2011".

Кульмінацыяй Дня культуры Беларусі на "Славянскім базары" стане гала-канцэрт беларусаў замежжа, які пройдзе ў канцэртнай зале "Віцебск". Сваю творчасць прадставяць ансамблі "Беларускія карані" (Арменія) і "Надзея" (Казахстан), Юлія Руцкая (Кыргызстан), ансамблі беларускай песні "Журавінка", "Надзея", "Паўлінка", трыа "Ластаўкі" (Латвія), ансамбль беларускай песні і танца "Світанак" (Літва), Сяргей Ворсанаў, Маргарыта Івануш (Малдова), ансамблі беларускай песні "Куранты", "Маланка" (Польшча), ансамбль аўтэнтычнай песні "Крывічы", ансамбль беларускай песні "Лянок", калектыў "Белыя росы", фальклорныя ансамблі "Кірмаш", "Зязюля" (Расія), хор "Белая Русь" (Украіна), вакальныя ансамблі "Алеся", "Лянок" (Эстонія).

Сваімі выступленнямі парадуюць публіку майстры мастацтваў Беларусі: Іскуі Абалян, Алеся, Іна Афанасьева, Венера, Ларыса Грыбалёва, Ірына Дарафеева, Ірына Ігнатюк, Якаў Навуменка, Павел Няўмержыцкі, Саша Нямо, Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Аляксандр Саладуха, Наталля Тамела, Уладзімір Ухцінскі, Аляксей Хлестаў, Ганна Шаркунова, Анатоль Ярмоленка і ансамбль "Сябры", дзяржаўны ансамбль "Песняры", ансамбль "Бяседа", арт-група "Беларусы", гурты DaVinci, "Дразды", Palladium electric band.

У рамках фестывалю сёння ў Віцебску пройдзе другое пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры, на якім будуць абмяркоўвацца пытанні супрацоўніцтва ў сферы культуры, адукацыі, інфармацыі, турызму, магчымасці рэалізацыі асобных праектаў.-0-