Дзень культуры Расіі адкрывае нацыянальныя дні на «Славянскім базары»

13 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дзень культуры Расіі сёння адкрывае нацыянальныя дні культур на ХХI Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. На міжнародным форуме выступіць сусветна вядомы калектыў - Дзяржаўны акадэмічны ансамбль народнага танца імя Ігара Маісеева. У канцы лютага 2012 года ансамбль адзначыў свой 75-гадовы юбілей. Праграма гала-канцэрта ўключае творы, пастаўленыя Маісеевым у розныя перыяды яго творчасці і якія сталі сусветнай класікай. Сярод іх беларускі танец "Бульба" - адна з першых пастановак Маісеева, якая і сёння захоплена прымаецца ва ўсім свеце. Ёсць у рэпертуары ансамбля і іншыя беларускія танцы - "Крыжачок", "Лявоніха", "Юрачка". А персанажы яўрэйскай сюіты "Сямейныя радасці" былі прыдуманы Ігарам Маісеевым пад уражаннем Касрылаўкі Шолам-Алейхема і віцебскіх ускраін Марка Шагала. Рэпертуар ансамбля Маісеева, які ўключае танцы народаў свету, вельмі дакладна адпавядае асноўнай ідэі фестывалю "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". Гэты ансамбль стаяў ля вытокаў фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" - у 1992 годзе ансамбль Ігара Маісеева выступаў на першым фестывалі "Славянскі базар". Да свайго выступлення на сцэне Летняга амфітэатра кіраўнікі і танцоры ансамбля сустрэнуцца з журналістамі на "Зорным часе" - традыцыйнай фестывальнай прэс-канферэнцыі. У гэты дзень запланаваны канцэрты Леаніда Серабрэннікава, які ў абласной філармоніі падорыць гледачам сустрэчу з рускім рамансам. Барыс Маісееў прэзентуе свой новы альбом на канцэрце "Танец у белым". Для моладзі на плошчы Перамогі пройдзе дыскатэка з удзелам папулярных у падлеткаў дыджэяў з Італіі і Расіі. Пятніца, 13-е, хоць і лічыцца не самым удалым днём, але для некага з удзельнікаў конкурсу выканаўцаў эстраднай песні, несумненна, стане шчаслівым днём. Таму што ў гэты дзень пройдзе жараб'ёўка ўдзельнікаў. А крыху раней старшыня журы конкурсу народны артыст Расіі Максім Дунаеўскі адкажа на пытанні журналістаў на "Зорным часе".-0-