Дзень моладзі на "Славянскім базары ў Віцебску" прайшоў у інтэрнацыянальным фармаце
Слоган дзён моладзі на XXVI Міжнародным фестывалі мастацтваў — «Беларусь — крыніца натхнення». І сапраўды, усе атрымалі магчымасць пераканацца, што наша краіна і міжнародны творчы форум, які праходзіць у ёй, натхняюць велізарную колькасць рабят спрабаваць сілы ў розных відах дзейнасці, выходзіць на сцэну і спартыўныя пляцоўкі, развіваць уласныя здольнасці і весці за сабой іншых.
Першы сакратар ЦК ГА «БРСМ» Андрэй Белякоў учора падчас прэс-канферэнцыі і адкрытага дыялогу распавёў пра навінкі сёлетніх дзён моладзі. Сярод іх, у прыватнасці, праект з нацыянальным каларытам Disсo-folk «ВЫШЫВАНКА.BY», прэзентаваны тым жа вечарам на віцебскай плошчы Перамогі.
Акрамя таго, упершыню была арганізавана пляцоўка «Беларусь — наш родны дом», прысвечаная нацыянальным культурам, — сёння на ёй выступілі прадстаўнікі многіх народаў, якія жывуць або атрымліваюць адукацыю ў нашай краіне. А ў турніры «Агонь танца» з'явіліся дадатковыя намінацыі: «Народны танец» і «Нацыянальны танец».
Яркім і відовішчным сёння атрымаўся арт-парад, які адкрыў другі дзень заяўленай праграмы. Позітывам і ўсмешкамі напоўніў прахалодны дажджлівы дзень маляўнічае касцюміраванае шэсце, якое аб'яднала ўдзельнікаў усялякіх конкурсаў, байцоў студэнцкіх атрадаў, юных спартсменаў, прадстаўнікоў розных моладзевых арганізацый, творчых калектываў і субкультур. Яны прыехалі на фестываль не толькі з розных куткоў нашай рэспублікі, але нават з суседніх дзяржаў.
Як звычайна, важнай часткай дзён моладзі стала патрыятычная акцыя «Мы памятаем і ганарымся!» з ускладаннем кветак і вянкоў да мемарыяльнага комплексу на плошчы Перамогі. Такім чынам хлопцы і дзяўчаты ўшанавалі памяць загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны, выказалі сваю падзяку тым, хто цаной уласнага жыцця адстаяў свабоду Радзімы, даў наступным пакаленням магчымасць жыць і працаваць пад мірным небам.
Напутлівыя словы ў адрас удзельнікаў дзён моладзі прагучалі сёння ад ганаровых гасцей — міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова і намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзіміра Пяніна.
— Я ад усёй душы рады вас вітаць у нашым цудоўным горадзе! Хацелася б, каб гэтае свята атрымалася, — сказаў Уладзімір Пятровіч. — Праўда, надвор'е нас крыху падводзіць. Але, я думаю, з улікам настрою, усмешак і дзякуючы моладзі, якая тут прысутнічае, свята адбудзецца. Жадаю вам дабрабыту, шчасця і поспехаў!
Падзеі кіпелі на плошчы Перамогі да позняга вечара. Усе ахвотныя маглі падключыцца да працы інтэрактыўных пляцовак, паўдзельнічаць у спартыўных майстар-класах, паслухаць музыку, паглядзець выступленні танцавальных калектываў і патанцаваць самі. Кульмінацыяй маладзёжнага свята стала бітва дыджэяў «Беларусь і Я» з удзелам пераможцаў рэгіянальных тураў гэтага праекта.
Лілія Іўчанка. Фота Антона Сцяпанішчава. "Віцебскія весці".