Дзень моладзі на «Славянскім базары ў Віцебску»: разам у светлую будучыню!
─ Маладосць – гэта час мараў, надзей, пошуку, імкнення дзейнічаць, здзіўляць свет самымі смелымі ідэямі і дасягненнямі, ─ адзначыў міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка, звяртаючыся да маладых людзей. ─ У нашай краіне робіцца ўсё магчымае, каб у жыццё ўвасобіліся самыя запаветныя і смелыя вашы мары і планы. Вам пашанцавала нарадзіцца і вырасці ў суверэннай дзяржаве, пабудаванай на трывалым фундаменце шматвяковай гісторыі беларускага народа. Вы – годныя нашчадкі і прадаўжальнікі слаўных традыцый гераічнага пакалення. У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу, нават пад мірным небам. А подзвіг сёння – гэта працаваць і ствараць на карысць свайго народа. Працвітанне і моц Радзімы, яе сённяшні і заўтрашні дзень залежаць ад вашай ініцыятывы, мэтанакіраванасці, прафесіяналізму і адказнасці. Моладзь – рухавік устойлівага развіцця нашай краіны. Рухайцеся толькі наперад!
─ У межах «Славянскага базару» мы ўжо шаснаццаты раз праводзім Дзень моладзі ў Віцебску, ─ адзначыў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў. ─ Тут сапраўды сабраліся таленавітыя і энергічныя маладыя людзі, спадзяюся, што ў наступным годзе гэта мерапрыемства стане яшчэ больш маштабным, і ў нас збяруцца юнакі і дзяўчаты з кожнага раёна вобласці.
─ Шчыра рады, што калісьці кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка падтрымаў нашу ініцыятыву ─ у межах афіцыйнай праграмы «Славянскага базару» праводзіць Дзень Моладзі, ─ сказаў першы сакратар ЦК БРСМ Дзмітрый Варанюк. ─ Цяперашняе пакаленне ганарыцца сваёй краінай, яе мінулым, умее працаваць і ведае, як крута можна адпачываць.
Актуальныя тэмы моладзевай палітыкі былі абмеркаваныя на адкрытым дыялогу «Беларусь: учора, сёння, заўтра», аналагічныя да 8 жніўня пройдуць у кожным рэгіёне Віцебшчыны пад агульным слоганам «Захоўваючы — прымнажаем!». У ім адлюстравана асноўная ідэя стабільнага развіцця грамадства ─ шанаваць тое, што ёсць, ведаць і паважаць гісторыю краіны, беражліва ставіцца да дасягнутых вынікаў і пры гэтым сканцэнтраваць усе намаганні на новых прарыўных ідэях.
Активную жыццёвую пазіцыю і імкненне дасягаць мэты прадэманстравалі больш за сотню юнакоў і дзяўчат у моладзевым забегу. Яны пераадолелі дыстанцыю 6,5 км па маршруце: плошча Перамогі – вуліца Леніна – праспект Фрунзе – вуліца Смаленская – праспект Маскоўскі – плошча Перамогі. Пераможцам стаў Дзяніс Воляк. Родам ён з Гродна, але ў дадзены момант служыць па кантракце ў 103-й асобнай Віцебскай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе. Гэта яго другая перамога, у мінулым годзе ён таксама заваяваў золата. І зноў атрымаў галоўны прыз ─ ровар.
— Трымаць сябе ў добрай фізічнай форме мне дапамагаюць пастаянныя трэніроўкі: па дзве амаль кожны дзень, — расказаў ён пра сябе.
На плошчы Перамогі кожная з абласцей прадставіла інтэрактыўныя пляцоўкі «#Беларусь Помніць!», «ЗА Беларусь!», «#Шануй Традыцыі!», «#Жыві Ярка!», «#Будзь Здаровы!», «#Твары Дабро!», «#Будзь з намі!».
Тут жа адбылася прэзентацыя сумеснай праекта БРСМ і «Белпошты» «Паштоўка.БЕЛ», які папулярызуе дасягненні краіны ў фармаце посткросінг. Для паштовых адпраўленняў быў выраблены камплект, які складаецца з 26 тэматычных паштовых картак «За Беларусь!» з выявамі архітэктурных збудаванняў, пабудаваных і рэканструяваных пад патранатам кіраўніка дзяржавы з удзелам байцоў студэнцкіх атрадаў, а таксама з фота пераможцаў конкурсу «Сэлфі & фота з вышыванкай» і ўдзельнікаў праекта «Беларусь — брэнд маладых». Кожны жадаючы прама на месцы мог запоўніць паштоўкі і перадаць іх работніку паштовай сувязі для далейшай адпраўкі.
У патрыятычнай акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага», якую сёлета арганізаваў БРСМ, прадстаўнікі рэспубліканскай і мясцовай улады, моладзь усклалі кветкі да мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны.
Упершыню ў рамках Дня моладзі пры падтрымцы клуба KiberRoom прайшоў адкрыты абласны турнір па кіберспорце.
Жыхары і госці фестывальнага Віцебска змаглі стаць удзельнікамі фестывалю дваровых гульняў «Альтернатива»: «Квадрат», «Я знаю пять имен», «Испорченный телефон», «Салки», «Съедобное – несъедобное», «Ноги» і інш., наведаць тэматычныя маладзёжныя лакацыі #CreativeYouth і #SportYouth.
Успомніць музычныя хіты можна было на фестывалі кавераў «Копия верна». Напрыклад, кавер-бэнд «Ежкин кот» з Салігорскага раёна Мінскай вобласці выканаў як аўтарскія кампазіцыі, так і папулярныя песні з рэпертуару Макса Коржа і гурта «Кино», а заслужаны аматарскі калектыў Беларусі інструментальны ансамбль «Бриз» са Столінскага раёна Брэсцкай вобласці — хіты: «Je taime», «Туман», «Танцы на стеклах», «With you», «Рыба моей мечты», «Back in the U.S.S.R» і іншыя.
Сталічныя мастакі графiцi Іван Калтовіч і Ілья Трускоўскі — аўтары палатна #раЗАм у Мінску — стварылі ў Віцебску новы графiцi-твоp.