Дзень Незалежнасці для Беларусі выстраданы і заваяваны неверагоднымі ахвярамі - А.Косінец

3 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Дзень Незалежнасці 3 ліпеня - гэтая дата для Беларусі гістарычна вывераная, выстраданая і заваяваная неверагоднымі ахвярамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Аб гэтым заявіў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец на ўрачыстым мітынгу з нагоды святкавання Дня Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Каля 4 млн. чалавек закатаваныя акупантамі, загінулі ў баях на беларускай зямлі ў імя Вялікай Перамогі. Беларусь зрабіла ўсё магчымае і немагчымае, каб спыніць фашысцкіх захопнікаў на шляху да Масквы. "Вось чаму незалежнасць, свабода і суверэнітэт для нас не проста сімвалы, а для нас гэта гісторыя, гэта будучыня," - падкрэсліў кіраўнік вобласці.

Сотні разоў беларуская зямля спальвалася, дзялілася паміж моцнымі суседзямі, але ўсё роўна беларусы падымаліся з каленяў і ішлі па дарозе жыцця. Менавіта на Віцебшчыне Полацкае княства стала пралогам беларускай дзяржаўнасці. Толькі ў 20-м стагоддзі была створана Беларуская ССР з апаратам дзяржкіравання, народнай асветай, культурай, усё гэта і стварыла сур'ёзную аснову для пабудовы і развіцця дзяржавы.

Сёння адкрыта новая старонка ў гісторыі нашай дзяржавы, якую пішам мы разам, робячы ўсё для будаўніцтва моцнай і квітнеючай Беларусі, адзначыў Аляксандр Косінец. Шмат што для ўмацавання суверэнітэту і незалежнасці Беларусі стварае Прыдзвінскі край. Так, толькі за пяць месяцаў гэтага года тэмп росту аб'ёмаў вырабленай прадукцыі склаў 160% да аналагічнага перыяду 2010 года. Каля 95% прадпрыемстваў вобласці павялічылі аб'ёмы вырабленай прадукцыі, якая рэалізуецца ў больш чым 100 краін свету. Адной з актуальных задач для вытворцаў Прыдзвінскага краю сёння з'яўляецца імпартазамяшчэнне. Патэнцыял канструктарскіх бюро, ВНУ і фундаментальнай навукі дазваляе замяніць мноства вырабаў прамежкавага і спажывецкага імпарту. Віцебшчына павінна ісці па шляху інавацыйнага развіцця з выкарыстаннем свайго геапалітычнага становішча.

Эканамічны патэнцыял вобласці дазваляе не згортваць ніводнай сацыяльнай праграмы, якія рэалізуюцца ў новай пяцігодцы, заявіў старшыня аблвыканкама. На Віцебшчыне працягваецца будаўніцтва школ і дзіцячых садкоў, устаноў аховы здароўя. Усё гэта робіцца для павышэння якасці жыцця людзей.

Аляксандр Косінец павіншаваў усіх жыхароў вобласці з Днём Незалежнасці, які з'яўляецца сімвалам і адзінства і згуртаванасці нашага народа.-0-