Дзень Незалежнасці адзначаюць у Віцебску

День Независимости празднуют в Витебске

У Віцебску падзеі дня адкрыліся мітынгам ля Мемарыяльнага комплексу ў гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў і шэсцем працоўных калектываў горада. 

І хоць прагнозы сіноптыкаў аб праліўных дажджах для Віцебску на 3 ліпеня пасля абеду цалкам апраўдаліся, гэта не перашкодзіла святу: віцябляне, узброіўшыся парасонамі, паглядзелі маляўнічае шэсце працоўных калектываў абласнога цэнтра і прынялі ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах.

Сярод тых, хто спяшаўся на свята, Аляксандр Рагоўскі з сынам Яраславам. Вось ужо 42 гады ён працуе на чыгунцы ў Віцебску і штогод 3 ліпеня прымае ўдзел у святочным мітынгу. "Для мяне гэта ўжо стала традыцыяй. Хачу перадаць яе сыну", - кажа Аляксандр, падкрэсліваючы, што Дзень Незалежнасці - свята маладое, а таму шанаваць яго, глыбей адчуваць павінна моладзь. "Ад нашых дзяцей залежыць, якая краіна будзе. Важна навучыць шанаваць іх галоўнае - свабоду і незалежнасць нашай дзяржавы. А гэта свята менавіта такія пачуцці выклікае", - дадае суразмоўца.

Нямагчыма прайсці міма сям'і Дзямідавых і не спыніцца: бацькі і іх малыш, выбраўшы добрую кропку агляду, атрымлівалі асалоду ад святочнай атмасферы, што панавала вакол. Марына і Дзямід разам з сынам Арсеніем прышлі падтрымаць сваіх сяброў і калег, якія ўдзельнічаюць у шэсці ад РУП "Віцебскэнерга". І калі ў Марыны Дзень Незалежнасці выклікае патрыятычныя пачуцці, то для яе мужа - гэта яшчэ і цудоўная нагода проста правесці дзень разам з сям'ёй.

Сваім абавязкам, ганаровым абавязкам сустрэць Дзень Незалежнасці ва ўрачыстай абстаноўцы ля мемарыяла на плошчы Перамогі лічаць ветэраны.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, звяртаючыся да ўдзельнікаў мітынгу, заявіў: "Беларусы павінны берагчы згуртаванасць грамадства".

Па словах Мікалая Шарстнёва, у жыцці кожнага народа ёсць лёсавызначальныя дні і падзеі. Яны становяцца кропкай адліку новага этапу ў гісторыі, выклікаюць духоўны ўздым і яднанне грамадзян. У беларускім календары такой датай стала 3 ліпеня 1944 года. "Імкненне народа быць самастойным - гэта стрыжань, які дае сілу і ўмацоўвае нашу

нацыю. Гады ваенных выпрабаванняў выпрацавалі ў людзей пачуццё абавязку, адказнасць за мір і парадак. Мы абавязаны берагчы згуртаванасць грамадства і бяспеку нашай краіны, усімі сіламі перашкаджаць любым праявам тэрарызму, экстрэмізму і гвалту, бо сёння асабліва востра адчуваецца, якіх незвычайных намаганняў каштуе захаваць бяспеку, утрымліваць раўнавагу і стабільнасць унутры краіны", - падкрэсліў старшыня аблвыканкама. На яго думку, у міралюбнай Беларусі ёсць толькі адзін шлях: напаўняць грамадства стваральнай энергіяй і памятаць урокі гісторыі. А яна вучыць, што здабыць суверэнітэт мала - трэба ўмець яго абараніць і зберагчы.

Мікалай Шарстнёў акцэнтаваў увагу на найвялікшых выпрабаваннях, якія выпалі на долю беларусаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. "Каласальная плата запатрабавалася ад нашых дзядоў і прадзедаў, каб адстаяць свабоду і суверэнітэт.

У гераічным летапісе ўвекавечаны імёны ўсіх, хто гераічна змагаўся за вызваленне роднай зямлі. Назаўжды ў памяці нашчадкаў застануцца імёны Пятра Машэрава, Міная Шмырава, Льва Даватара, Канстанціна Заслонава, Аляксея Данукалава, Веры Харужай, Зінаіды Тусналобы-Марчанкі. Памяць аб тых, хто падарыў нам свабоду і незалежнасць жыве ў нашых сэрцах", - падкрэсліў кіраўнік вобласці.

"Калі ў Дзень Перамогі мы больш сумуем, узгадваючы гады ваеннага ліхалецця, загінулых сяброў і сваякоў, то Дзень Незалежнасці сустракаем са светлымі пачуццямі, радуючыся таму, якой наша Беларусь стала, якая ў нас таленавітая моладзь, як шмат зроблена. Не перадаць словамі гэтую радасць і гонар за сваю краіну!", - дзеліцца эмоцыямі ветэран Вялікай Айчыннай вайны Лілія Амасенка. Слухаючы выступленне старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шарстнёва, яна адзначыла: "Правільныя словы кажа!".

Спецыяльна да Дня Незалежнасці віцебскі ювелір Андрэй Жызнеўскі прымеркаваў цырымонію дарэння Віцебскаму абласному краязнаўчаму музею копіі самалёта "У-2", зробленай з серабра 925-й пробы з брыльянтам. "Мой бацька і дзед былі лётчыкамі, таму для мяне сённяшняя падзея глыбока сімвалічная. Я люблю Беларусь, ганаруся ёю! Сваю"Працу я зрабіў у памяць пра іх", - падкрэсліў аўтар. Праца над мініяцюрнай мадэллю легендарнага савецкага біплана вагой 26,68 г срэбра заняла год. Шмат эксперыментаў давялося правесці ювеліру, каб дамагчыся зялёнага адцення паціны на метале, якая натуральным чынам утвараецца на срэбры 925-й пробы толькі праз сто гадоў. Сакраў аўтар не хавае: атрымаць яго ўдалося з дапамогай натуральных прадуктаў - яек, тварагу і яблыкаў, якія пры браджэнні вылучаюць серавадарод. Філіграннасць выканання мадэлі атрымала высокую ацэнку экспертаў. "Гэтай працай я хацеў таксама паказаць, што ў нашай краіне ёсць шмат таленавітых людзей зусім у розных галінах і сферах", - дадаў Андрэй Жызнеўскі.

Завершаць гэты святочны дзень агульнарэспубліканская акцыя "Засьпяваем гімн разам" і маляўнічы вячэрні салют.


БЕЛТА.