Дзень прафілактыкі небяспечных паводзінаў на дарозе пройдзе ў Беларусі 30 ліпеня

29 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам "Зніжай хуткасць – цябе чакаюць дома!" правядзе Дзяржаўтаінспекцыя 30 ліпеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва УДАІ МУС Беларусі. Дарожная міліцыя мае намер у чарговы раз прыцягнуць увагу грамадства да праблемы перавышэння хуткасных рэжымаў руху. У гэты дзень інспектары будуць сустракацца з працоўнымі калектывамі, праводзіць розныя акцыі. У ДАІ нагадалі, што парушэнні хуткаснага рэжыму – гэта адна з галоўных прычын ДТЗ з пацярпелымі пасля нецвярозага кіравання. У сваю чаргу ў сталічнай ДАІ паведамілі, што за паўгода з-за перавышэння ўстаноўленай хуткасці руху паранены больш за 100 чалавек, 10 загінулі. Палова ўсіх загінулых на вуліцах і дарогах – вынік нахабства, нецярплівасці і спешкі. "Кіроўца, які едзе па горадзе са хуткасцю, прызначанай для аўтамагістралі – камікадзэ", – адзначылі ў ДАІ Мінска. Акрамя таго, ён падвяргае небяспецы ні ў чым не вінаватых людзей. Дзяржаўтаінспекцыя ў чарговы раз заклікае ўсіх кіроўцаў не спяшацца і не парушаць ПДР.-0-