Дзень Саюзнай дзяржавы на «Славянскім базары ў Віцебску»: умацаваць узаемныя сувязі

День Союзного государства на «Славянском базаре в Витебске»: укрепить взаимные связи
«Славянскі базар у Віцебску» даўно стаў святам дружбы брацкіх народаў Беларусі і Расіі. Пра гэта сведчыць  Дзень Саюзнай дзяржавы, які па традыцыі прайшоў у рамках форуму. Сёлета ён ахапіў дзве важныя даты: 20-годдзе ўтварэння Саюзнай дзяржавы і 50-годдзе беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры».

Стратэгічнае партнёрства 

8 снежня 1999-га ў Маскве быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Сёлета споўнілася 20 гадоў інтэграцыйным сувязям. Гэта той тэрмін, калі можна падвесці вынік зробленай працы і намеціць планы на будучыя гады. Як распавёў  Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, стратэгія развіцця на найбліжэйшую перспектыву ўжо ясная — фарміраванне ўзгодненай прамысловай палітыкі, адзіных транспартнага і энергетычнага прастор. Менавіта гэта ляжыць у аснове таго, што можна называць саюзнай дзяржавай. Таксама неабходна ўдасканальваць заканадаўчую аснову, узмацніць навукова-тэхнічны складнік і вырашыць шэраг іншых пытанняў. 

Рыгор Рапота падчас візіту на Віцебшчыну наведаў мультымадальны комплекс «Брэміна-Орша». Яго азнаёмілі з універсальнай лагістычнай пляцоўкай, расказалі аб ходзе яе будаўніцтва і перспектывах развіцця. Дарэчы, менавіта такое яе размяшчэнне абумоўлена тым, што Орша — найбуйнейшы грузавы чыгуначны вузел нашай краіны. «Брэміна-Орша» знаходзіцца  у непасрэднай блізкасці ад межаў Расійскай Федэрацыі і на скрыжаванні транс'еўрапейскіх транспартных калідораў, практычна праз комплекс праходзіць міжнародная чыгуначная лінія, на яго тэрыторыі размешчаны міжнародны аэрапорт Орша. Як распавёў начальнік МПЛК Уладзімір Кастеневіч, лагістычны сектар будзе складацца з  трох тэрміналаў. У ліпені пачнецца будаўніцтва другой чаргі аўтамабільнага — гэта склад плошчай 10 200 кв. м на 14 000 палет. У другой палове года запланавана ўзвядзенне авіятэрмінала — трох складоў агульнай плошчай каля 11 000 кв. м. У тым ліку тут будзе размешчана гандлёвая пляцоўка. Наступны этап — будаўніцтва чыгуначнага тэрмінала ў 2020-21 гадах.

У чэрвені бягучага года пачала сваю працу СЭЗ «Брэміна-Орша». Тут сёння функцыянуюць ведамасны пункт мытнага афармлення, фітасанітарная і ветэрынарная службы, банкаўскае аддзяленне, страхавы агент і офіс мытных брокераў. Дзякуючы гэтаму кампаніі-рэзідэнты могуць на месцы праходзіць усе працэдуры і атрымліваць паслугі, неабходныя для забеспячэння вытворчых працэсаў і лагістычнай дзейнасці.

— МПЛК «Брэміна-Орша» важны для стратэгічнага развіцця Саюзнай дзяржавы, — адзначыў Рыгор Рапота. — Напрыклад, у частцы прасочвальнасці тавараў і іх маркіроўкі пры руху па тэрыторыі ЕАЭС і Саюзнай дзяржавы.

Творчы сімбіёз

Па традыцыі Рыгор Рапота прыняў удзел у XXVIII Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

— Форум у Віцебску ўжо існуе амаль тры дзясяткі. Гэта сведчыць толькі аб адным: ён сапраўды патрэбны людзям, — адзначыў Рыгор Аляксеевіч.

Дарэчы, з 2003 года Саюзная дзяржава ўдзельнічае ў арганізацыі і правядзенні фестывалю. У 2019 годзе прадугледжана вылучэнне каля 25 млн расійскіх рублёў, а ўсяго за гэты час накіравана каля 500 млн расійскіх рублёў.

Дзень Саюзнай дзяржавы ў фестывальным Віцебску адкрыла цырымонія ўскладання кветак да Вечнага агню на мемарыяльным комплексе ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, ветэранаў і падпольшчыкаў. Далей у Мастацкім музеі гасцям былі прадстаўлены выстава «Растоўская фініфць» — мініяцюрнага жывапісу на эмалі, якая лічыцца адным з найстаражытных з'яў у мастацтве ўсходніх славян, і экспазіцыя, прысвечаная Аляксандру Неўскаму.

У гэты дзень упершыню ў Віцебск прыбыў шэдэўр ювелірнага мастацтва – рэпліка Вялікай імператарскай кароны, якая тут знаходзілася ўсяго адзін дзень. Сёння арыгінал з'яўляецца галоўным экспанатам Алмазнага фонду музеяў Маскоўскага Крамля і ніколі не пакідае сцен скарбніцы. Да 250-годдзя гэтага шэдэўра ў 2012 годзе ювелірная група «Смаленскія брыльянты» стварыла яго рэпліку. Яна выканана з белага золата, усыпана 11426 брыльянтамі і буйнымі марскімі перламі. У цэнтры абруча карону вянчае вялікі брыльянт масай 10,11 карата, а замест арыгінальнай шпінелі прадстаўлены рубеліт. Маса кароны – больш за 2 кг. Гэтаму твору няма аналагаў у свеце.

Традыцыйна Рыгор Рапота наведаў медыясэсію ў музеі-сядзібе «Здраўнёва». Сёлета яна прысвечана 175-годдзю з дня нараджэння Ільі Рэпіна.

Асноўнай тэмай канцэрта «Саюзная дзяржава запрашае…», які завяршыў праграму Дня дружбы, сёлета стала святкаванне 50-годдзя творчай дзейнасці ансамбля «Песняры».

— Тут пануюць шчырасць, душэўнасць і высокае майстэрства, — адзначыў намеснік міністра культуры Расійскай Федэрацыі Мікалай Аўсіенка, які ўпершыню наведаў форум. — Фестываль даказаў, што па праву з'яўляецца ключавым як для славянскіх, так і іншых дзяржаў. Думаю, цікавасць да яго будзе расці. Менавіта культурныя сувязі павінны стаць непарушным мостам паміж Расіяй і Беларуссю. Віцебск — дзівосны горад, у яго хочацца вярнуцца.

"Віцебскія весці".