Дзень Саюзнай дзяржавы пройдзе сёння на "Славянскім базары ў Віцебску"

11 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Дзень Саюзнай дзяржавы пройдзе сёння на XVIII Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў дырэкцыі форуму. Маладзёжны рух "Саюзная дзяржава - гэта МЫ!" арганізаваны Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы (СД) сумесна з інфармацыйным партнёрам выдавецтвам "Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі". Ён уключае конкурс дзіцячага малюнка на асфальце "Колеры дружбы", выставу "Фоталетапіс Саюзнай дзяржавы", бліц-інтэрв'ю дзяржаўнага сакратара СД Паўла Барадзіна дзецям і яго прэс-канферэнцыю, віктарыну "Старонкі гісторыі СД", творчую сустрэчу моладзі з намінантам на прэмію СД у галіне літаратуры і мастацтва за 2009-2010 гады пісьменнікам Мікалаем Чаргінцом і іншыя мерапрыемствы. Другі дзень "Славянскага базару" будзе багаты і на іншыя падзеі. Так, у міжнародным прэс-цэнтры фестывалю журналісты сустрэнуцца з майстрамі мастацтваў Украіны. Затым святочны віхор падхопяць выставы работ міжнародных пленэраў "Марк Ротка. 2005-2008" і фотакарэспандэнтаў газет Даўгаўпілса (Латвія). У канцэртнай зале "Віцебск" адбудзецца творчы вечар з Яўгенам Яўтушэнка, а на сцэне Летняга амфітэатра пройдзе першы конкурсны канцэрт выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2009". Завершыць чараду фестывальных мерапрыемстваў 11 ліпеня начны сольны канцэрт "На біс" улюбёнца віцебскай публікі Філіпа Кіркорава.-0-