Дзень цвярозасці зноў прыходзіць у Віцебск

16 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Рэгіянальная акцыя "Тыдзень моды на здароўе" завершыцца ў Віцебску 18 сакавіка Днём цвярозасці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы Віцебскага гарвыканкама. У гэты дзень з 8 да 23 гадзін будзе забаронены продаж алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва ў аб'ектах рознічнага гандлю. Варта адзначыць, што Віцебск быў першапраходцам у правядзенні Дзён цвярозасці. Упершыню акцыя прайшла ў абласным цэнтры 16 ліпеня 2008 года падчас міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". З таго часу Дні цвярозасці неаднаразова праводзіліся ў вялікіх і малых гарадах Беларусі, а ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці з 2009 года ў вёсцы Мосар дзейнічае "зона цвярозасці". Тыдзень за здаровы лад жыцця, які праходзіць у гэтыя дні ў Віцебскай вобласці, закліканы прыцягнуць увагу насельніцтва да таго, што лад жыцця з'яўляецца асноватворным фактарам, які ўплывае на стан здароўя і працягласць жыцця. Ва ўсіх раёнах праходзяць прамыя лініі з удзелам кіраўнікоў устаноў аховы здароўя, вядучых спецыялістаў. Арганізавана правядзенне кансультатыўных прыёмаў урачоў. Ва ўстановах адукацыі дэманструюцца асветніцкія відэафільмы і распаўсюджваюцца інфармацыйна-адукацыйныя матэрыялы аб здаровым ладзе жыцця. Ва ўпраўленні аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама падкрэслілі, што з завяршэннем Тыдня моды на здароўе асветніцкая работа сярод насельніцтва не скончыцца. "Прафілактыка хвароб і прапаганда здаровага ладу жыцця працягнуцца", - запэўнілі спецыялісты.-0-