Дзень ветэранаў можа з'явіцца на "Славянскім базары"
На Міжнародным форуме мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" можа з'явіцца Дзень ветэранаў. Такая прапанова была выказана міністру культуры Барысу Святлову ў ходзе асабістага прыёму грамадзян і прамой лініі, якія ён правёў у Шуміліне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Журналістам пасля размовы з жыхарамі раёна міністр сказаў, што быў прыемна здзіўлены тым, што на прыём запісаліся кіраўнікі раённых структурных падраздзяленняў грамадскіх арганізацый ветэранаў і інвалідаў. Яны падрабязна расказалі аб дзейнасці сваіх арганізацый, дасягненнях і новых праектах. Выказвалі падзяку ў адрас мясцовых уладаў, якія падтрымліваюць ініцыятывы грамадскіх арганізацый і дапамагаюць рэалізоўваць новыя ідэі.
"Я ўпершыню ў Шуміліне, тут добрыя і шчырыя людзі з адкрытым сэрцам", - сказаў міністр.
Барысу Святлову паступіла некалькі прапаноў ад кіраўніка раённай ветэранскай арганізацыі. У прыватнасці, размова ішла аб правядзенні Дня ветэранаў на "Славянскім базары".
"Наступны год асаблівы - гэта год 70-годдзя Перамогі, і цалкам абгрунтавана правесці ў яго рамках Дзень ветэранаў. Тым больш у нас ёсць Дзень моладзі, можа быць, і Дзень пераможцаў-ветэранаў. Гэту прапанову я вынесу на абмеркаванне рэспубліканскага аргкамітэта, які будзе рыхтаваць наступны "Славянскі базар", - адзначыў Барыс Святлоў.
Яшчэ адна прапанова, якая прагучала на прыёме, - стварэнне гімна ветэранаў. На думку міністра, гэтая ідэя таксама мае права на рэалізацыю, тым больш што адзін варыянт тэксту ўжо існуе - яго перадаў Барысу Святлову кіраўнік ветэранскай арганізацыі раёна.
Кіраўніца сямейнага цымбальнага аркестра Алена Скрынава звярнулася да міністра з просьбай аб садзейнічанні ў набыцці цымбал. Просьба гэтая цудоўным чынам была выканана літаральна праз некалькі гадзін. Падчас наведвання мадэрнізаванага будынка Шумілінскай школы мастацтваў, адкрыццё якога плануецца на 1 верасня, Барыс Святлоў падарыў установе цымбалы. Ён адзначыў, што інструмент з кансерваторыі і гэта намяк на тое, што юныя ўдзельнікі цымбальнага калектыву і вучні школы мастацтваў павінны працягнуць музычную адукацыю ў гэтай установе.
У ходзе знаходжання ў Шумілінскім раёне Барыс Святлоў яшчэ наведаў дзіцячы аздараўленчы цэнтр "Дружба", Лоўжанскі сельскі цэнтр культуры і вольнага часу, а таксама Обальскі музей камсамольскага падполля.