Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі адзначылі ў Віцебску

День защитников Отечества и Вооруженных Сил Беларуси отметили в Витебске
Гэта свята было, ёсць і будзе святым для кожнага сапраўднага грамадзяніна і патрыёта Беларусі, а армія — гонарам народа. Нашы продкі не раз бралі ў рукі зброю, абараняючы Радзіму ад ворагаў. Армія і народ у адзіным страі адстойвалі свабоду роднай зямлі і, нягледзячы на страты і пазбаўленні, заўсёды з годнасцю выходзілі з цяжкіх сітуацый, дабіваючыся поспехаў у бітвах і аднаўленні народнай гаспадаркі пасля разбуральных ваенных ліхалеццяў.







Асаблівая старонка ў гісторыі — Вялікая Айчынная вайна. Подзвіг беларускіх і савецкіх салдат, партызан, падпольшчыкаў і працаўнікоў тылу назаўжды застанецца ў памяці іх нашчадкаў як прыклад беспрэцэдэнтнай стойкасці, мужнасці і адданасці Айчыне. Наш край навекі праславілі такія землякі як Пётр Машэраў, Аляксандр Гаравец, Мінай Шмыроў, Леў Даватар. Усяго за гады Вялікай Айчыннай звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены каля 130 ураджэнцаў вобласці.

Сёння Беларусь — мірная краіна. Аднак цяперашнія вайскоўцы, застаючыся вернымі традыцыям папярэдніх пакаленняў, нястомна павышаюць узровень баявой падрыхтоўкі, каб надзейна ахоўваць родныя рубяжы і ў выпадку неабходнасці даць адпор агрэсару.







У Віцебску асноўныя мерапрыемствы, прысвечаныя святу, прайшлі на плошчы Перамогі і ў 103-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе. Ля манумента савецкім воінам, партызанам і падпольшчыкам сабраліся кіраўнікі вобласці і горада, у тым ліку

старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый і моладзі. Там прайшла цырымонія ўскладання вянкоў і кветак. Таксама ў памяць аб загінулых воінах прагучалі залпы гармат. Салдаты, сілавікі і кадэты прайшлі ўрачыстым маршам перад мемарыялам.




А на плацы праслаўленай 103-й брыгады дэсантнікі зладзілі паказальныя выступленні. Гледачам прадэманстравалі навыкі рукапашнага бою і выканання розных задач, у тым ліку ліквідацыі тэрарыстаў.

У гэты ж дзень у КЗ «Віцебск» адбыліся ўрачысты сход і канцэрт.

Эдуард Каралевіч. Фота Дзмітрыя ВОСІПАВА. "Віцебскія весці".