Дэндрапарк заклалі ў Сянне

У Сенне на беразе возера закладзены дэндрапарк, які неўзабаве стане славутасцю райцэнтра.

Як расказаў старшыня Сенненскага райвыканкама Васіль Чараднік, ідэя стварэння дэндрапарка на тэрыторыі рэгіёна выношвалася з 2014 года, аднак ніяк не маглі вызначыцца з месцам. У выніку спыніліся на пустыры з цікавым ландшафтам, размешчаным на беразе возера. Выбар падтрымалі і жыхары бліжэйшых дамоў прыватнага сектара. Летась сюды была пракладзена асфальтная дарога, напярэдадні акцыі добра папрацавалі работнікі ЖКГ, падрыхтаваўшы берагавую паласу.

Па словах дырэктара Багушэўскага лясгаса Аляксандра Ізмайловіча, пакуль дэндрапарк займае 1,5 га (у далейшым ён будзе пашыраны да 3 га), высаджана больш за 320 дрэў і кустоў мясцовых і экзатычных відаў. У бліжэйшых планах устаноўка агароджы з уваходнай аркай, трох альтанак і дзясятка лавак.

У пасадцы дрэў удзельнічалі Васіль Чараднік разам са старшынёй Сенненскага раённага Савета дэпутатаў Міхаілам Вілюго, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, школьнікі. Начальнік філіяла ДЭУ-38 РУП «Віцебскаўтадар» Віктар Петаковіч прыйшоў на суботнік разам з маленькім сынам Данілам. Разам яны пасадзілі чатыры дрэвы – вішню, дзве сасны і дуб – па колькасці членаў сям'і.

Так што ў недалёкай будучыні жыхары і госці горада змогуць адпачыць у цені экзатычных дрэў на беразе любімага Сенненскага возера.

Сяргей Ляшук, фота аўтара. «Віцебскія весці».