Дзяніс Вершанка прадставіць Беларусь на міжнародным конкурсе выканаўцаў «Віцебск-2010»
28 красавіка, Мінск /Жанна Катлярова - БЕЛТА/. Саліст Гомельскай абласной філармоніі Дзяніс Вершанка прадставіць Беларусь на IX Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2010". Такое рашэнне прыняло журы па выніках праслухоўвання прэтэндэнтаў на ўдзел у конкурсе, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Беларусі Міхаіл Казловіч.
На адборачным туры артыст выканаў дзве кампазіцыі: песню Дзмітрыя Далгалёва "Птушка" на беларускай мове і песню з рэпертуару Эроса Рамазоці на італьянскай. У 23-гадовага выканаўцы ёсць вопыт выступлення на канцэртных і конкурсных пляцоўках, узнагароды міжнародных творчых спаборніцтваў. Дзяніс з'яўляецца ўладальнікам Гран-пры міжнароднага конкурсу "Славянская зорка-2006", лаўрэатам конкурсаў "Вяліж-2008" у Расійскай Федэрацыі і "На высокай хвалі" ў 2009 годзе, які праводзіцца таксама ў Расіі.
На VIII Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе "Віцебск-2010" пальму першынства будуць аспрэчваць дзве юныя спявачкі: салістка Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя В.Мулявіна Злата Ларчанка (11 гадоў) і 9-гадовая вучаніца мінскай сярэдняй школы №201 Аня Зайцава.
"Зорачкі" спадабаліся журы яркасцю, пераканаўчасцю выканання, падборам рэпертуару. Злата Ларчанка прадставіла песню "Баба Яга", якую публіка ўпершыню чула на нацыянальным адборы на дзіцячы конкурс "Еўрабачанне-2009", а таксама новую нестандартную, неардынарную песню "Журавінка" Святланы Стацэнка. Аня Зайцава выканала кампазіцыю на беларускай мове "Ляціце крылы" Сяргея Сухамліна і песню "А можа быць варона" з мультфільма.
Рашэнне аб тым, з якімі кампазіцыямі артысты выступяць на конкурснай сцэне, плануецца прыняць у працэсе падрыхтоўкі. Будуць улічвацца многія знешнія моманты, у тым ліку, паколькі сёлета конкурсы плануецца зрабіць больш яркімі, прыдатнымі для прагляду. "Мы хочам, каб конкурсы былі відовішчнымі, таму сёлета пастараемся зрабіць акцэнт на шоў, падрыхтоўкай якога зоймемся ў цесным супрацоўніцтве з тэлевізійшчыкамі", - сказаў Міхаіл Казловіч.
Акрамя Беларусі 16 краін вызначыліся, каму даверыць удзел у спаборніцтве на віцебскай фестывальнай сцэне. У Расіі і Украіне імёны канкурсантаў стануць вядомыя зусім хутка.
XIX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 9 па 15 ліпеня. У дні фестывалю адбудуцца IX Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2010" і VIII Міжнародны дзіцячы музычны конкурс "Віцебск-2010".-0-