Дэпутацкая пошта запрацавала ў Полацкім раёне

3 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Дэпутацкая пошта запрацавала ў Полацкім раёне, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшыня пастаяннай камісіі раённага Савета дэпутатаў па пытаннях сацыяльнай сферы, сацыяльнай абароны грамадзян, справах моладзі Людміла Гаўрылава. У буйных вёсках чатырох сельсаветаў устаноўлены металічныя скрыні. Яны падобныя на звычайныя паштовыя, толькі афарбаваны ў белы колер, вялікімі сінімі літарамі на іх напісана: "Дэпутацкая пошта". У гэтыя скрыні выбаршчыкі могуць апусціць пісьмовыя наказы, пажаданні, прапановы свайму дэпутату. Раз на тыдзень дэпутаты абяцаюць забіраць пошту са сваіх скрынь і самым дбайным чынам вывучаць паступіўшыя наказы і ўвасабляць у жыццё пажаданні сваіх выбаршчыкаў. Калі дэпутацкая пошта пакажа сваю эфектыўнасць у вырашэнні праблем простых людзей, то белыя скрыні з'явяцца ва ўсіх 17 сельсаветах раёна. Як патлумачыла Людміла Гаўрылава, не ўсе выбаршчыкі з-за асабістай занятасці або па іншых прычынах могуць наўпрост звярнуцца да дэпутата, і для таго, каб даведацца аб патрэбах як мага большай колькасці выбаршчыкаў, дэпутаты вырашылі пашырыць спосабы сувязі. Разам з паштовымі скрынямі дэпутаты адкрываюць электронныя паштовыя скрыні, заўсёды гатовыя адказаць па тэлефоне і, вядома, пастаянна праводзяць асабістыя прыёмы. Па словах суразмоўніцы, у бліжэйшы час у раёне з'явіцца даведнік з электроннымі адрасамі дэпутатаў райсавета. -0-