Дэпутацкі корпус Віцебскай вобласці абнавіўся амаль напалову

30 красавіка, Віцебск /Сяргей Качатоў - БЕЛТА/. Дэпутацкі корпус мясцовых саветаў Віцебскай вобласці абнавіўся амаль напалову. Па выніках мінулых выбараў у органах прадстаўнічай улады новага склікання будуць працаваць 1686 чалавек (47,8% ад колькасці выбраных), якія раней не былі дэпутатамі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня абласной выбарчай камісіі Уладзімір Мядзялец. Сярод выбраных дэпутацкі мандат атрымаюць пяць грамадзян Расійскай Федэрацыі. Каля 46% дэпутацкага корпуса новага склікання складаюць жанчыны, пры гэтым яны дамінуюць у сельскіх і гарадскіх (гарадоў раённага падпарадкавання) саветах, дзе зоймуць больш за палову дэпутацкіх месцаў. Займацца мясцовымі праблемамі ў дэпутацкім статусе будуць амаль 200 маладых грамадзян, або 5,6% агульнай колькасці дэпутатаў. Моладзь прадстаўлена ў саветах усіх узроўняў, за выключэннем абласнога. У мясцовых саветах 26-га склікання будуць працаваць 52 прадстаўнікі палітычных партый, з якіх пераважная большасць (46) мандатаў у Камуністычнай партыі Беларусі. Члены КПБ будуць прадстаўлены ў саветах усіх узроўняў, за выключэннем гарадскіх у гарадах раённага падпарадкавання. Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці атрымала па выніках выбараў тры месцы ў прадстаўнічых органах улады, Беларуская аграрная партыя - два, партыя "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада" - адзін дэпутацкі мандат. У дэпутацкім корпусе новага склікання чвэрць выбраных прадстаўляюць сельскагаспадарчую вытворчасць, 16% - адукацыю, 12,6% - прамысловасць, гандаль, транспарт і будаўніцтва, амаль 10% дэпутатаў працуюць у сістэме аховы здароўя і органах сацыяльнай абароны. Пры гэтым калі ў саветах першаснага ўзроўню пераважаюць работнікі сельскай гаспадаркі і адукацыі, то ў абласным і гарадскіх саветах вялікая ўдзельная вага спецыялістаў вытворчай сферы і аховы здароўя. Па выніках выбараў у Віцебскай вобласці ўсе 240 мясцовых саветаў выбраны ў правамоцным складзе, у тым ліку адзін абласны, 21 раённы, 7 гарадскіх у гарадах абласнога і раённага падпарадкавання, а таксама 211 сельскіх і пасялковых саветаў. Паўторныя выбары будуць праведзены ў трох акругах. Вакантнымі застаюцца адзін дэпутацкі мандат у Дубровенскі раённы савет, а таксама па адным у два сельскія саветы ў Дубровенскім і Верхнядзвінскім раёнах. Ва ўсіх выпадках кандыдаты ў дэпутаты, якія балатаваліся на безальтэрнатыўнай аснове, не змаглі атрымаць больш за 50% галасоў выбаршчыкаў. Усяго па вобласці ўдзел у галасаванні прынялі каля 817 тыс. выбаршчыкаў, яўка на выбарах склала 90,9%. -0-