Дэпутаты Віцебскага аблсавета прапануюць на паўгода закрываць крамы за рэалізацыю спіртнога падлеткам

20 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дэпутаты Віцебскага абласнога Савета прапануюць узмацніць меры ўздзеяння да суб'ектаў гаспадарання ўсіх форм уласнасці за рэалізацыю непаўналетнім алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва, а таксама допуск непаўналетніх у гульнявыя і начныя забаўляльныя ўстановы. Пры выяўленні такіх фактаў прапануецца на паўгода спыняць працу суб'ектаў гаспадарання, якія праштрафіліся. Такое рашэнне прынята сёння за аснову на чарговай сесіі аблсавета, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Як адзначыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Віцебскага аблвыканкама Тамара Аляхновіч, у вобласці з пачатку года зноў выяўлена больш за тысячу падлеткаў, якія злоўжываюць спіртным. Больш за 900 непаўналетніх прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё алкагольных напояў у грамадскіх месцах, звыш 300 дарослых пакараны штрафам за спайванне непаўналетніх, больш чым у 200 гандлёвых кропках выяўлены факты рэалізацыі спіртнога і піва асобам, якія не дасягнулі 18 гадоў. З 552 злачынстваў, учыненых падлеткамі ў студзені-верасні, 128 учынена ў стане алкагольнага ап'янення, прычым рост п'янага падлеткавага злачыннасці ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года вырас больш чым на 20%. -0-