Дэпутаты Віцебскага аблсавета прапануюць вызваліць ад платы за заняткі ў гуртках дзяцей з нядобранадзейных сем'яў
20 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Дэпутаты Віцебскага аблсавета прапануюць гар- і райвыканкамам вызваліць дзяцей і падлеткаў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, якія стаяць на ўліку ў інспекцыях па справах непаўналетніх, ад аплаты заняткаў у платных гуртках і секцыях устаноў культуры і спорту. Рашэнне аб гэтым яны прынялі сёння на чарговай сесіі аблсавета, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыла намеснік старшыні абласной камісіі па справах непаўналетніх Віцебскага аблвыканкама Тамара Аляхновіч, каля 10 тыс. дзяцей з нядобранадзейных, малазабяспечаных сем'яў, падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў ІСН, наведваюць гурткі і секцыі. Аднак калі ва ўстановах адукацыі яны займаюцца бясплатна, то ва ўстановах культуры і спорту аб'яднанні па інтарэсах працуюць на платнай аснове. На яе думку, вызваленне ад аплаты дапаможа арганізаваць вольны час дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Нягледзячы на тое, што з 2006 года ў вобласці намяцілася тэндэнцыя да зніжэння падлеткавай злачыннасці (удзельная вага знізілася з 8,1% да 6,4%, а колькасць злачынстваў скарацілася з 1111 да 552), у бягучым годзе да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё спіртных напояў і дробнае хуліганства прыцягнуты каля 4 тыс. падлеткаў. Па выніках 9 месяцаў у 12 рэгіёнах вобласці зарэгістраваны рост падлеткавай злачыннасці.-0-