Дэпутаты Віцебскага аблсавета зацвердзілі праграму развіцця асабістых падсобных гаспадарак

10 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дэпутаты Віцебскага аблсавета зацвердзілі праграму развіцця асабістых падсобных гаспадарак грамадзян на 2010 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Асноўнай мэтай праграмы з'яўляецца развіццё і падтрымка асабістых падсобных гаспадарак, павышэнне занятасці і даходаў грамадзян, якія займаюцца вытворчасцю сельгаспрадукцыі, паляпшэнне дэмаграфічнай структуры насельніцтва. Так, прадугледжана прадастаўленне па заявах грамадзян у арэнду дадатковых зямельных участкаў у памеры да 3 га для вядзення асабістых падсобных гаспадарак, уцягванне ў севазварот сельгаспрадпрыемстваў зямельных участкаў грамадзян для дапамогі ў сяўбе і ўборцы. У агародніцтве намечана пашырыць асартымент сельскагаспадарчых культур, якія вырошчваюцца насельніцтвам, да 20 відаў, уключаючы пекінскую, каляровую, чырвонакачанную капусту, цукровы кукурузу, спаржу, дайкон. Праграмай таксама прадугледжаны шэраг мер, накіраваных на развіццё пладаводства як адной з прыярытэтных раслінаводчых галін дробнатаварнага сектара. Для развіцця жывёлагадоўлі ў вобласці, у адпаведнасці з праграмай, трэба штогод праводзіць паляпшэнне сенажацяў і пашаў, прадугледжваецца, што да канца года іх плошчы будуць даведзены да 0,8 га на адну карову. За час выканання праграмы плануецца рэалізаваць грамадзянам 62 тыс. галоў парасят, 374 тыс. галоў птушанят. Ажыццяўленне гэтых і іншых мерапрыемстваў дазволіць у 2010 годзе павысіць гадавую прадукцыйнасць кароў у сярэднім па вобласці да 5 тыс.кг, сярэднясутачны прырост буйной рагатай жывёлы на адкорме - да 800 г, свіней - да 500 г. Асобны раздзел праграмы прадугледжвае комплекс мер па ўдасканаленні збыту лішкаў сельгаспрадукцыі. Гаворка ідзе як аб арганізацыі закупак праз нарыхтоўшчыкаў, нарыхтоўчыя канторы і сельскагаспадарчыя крамы, так і аб стварэнні ў кожным раёне аптовых рынкаў. Разам з тым старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец лічыць, што "прыняцце гэтай праграмы - гэта спроба ўскочыць у апошні вагон". Віцебская вобласць адзіная, дзе да гэтага часу не была прынята такая праграма. У сувязі з гэтым губернатар даў даручэнне камітэту сельскай гаспадаркі і харчавання аблвыканкама стварыць рабочую групу па распрацоўцы праграмы развіцця асабістых падсобных гаспадарак на 2011-2015 гады.-0-