Вясковыя могілкі апынуліся па-за законам у Віцебскім раёне
18 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Камітэт дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці канстатуе нездавальняльнае становішча спраў у арганізацыі пахавальнай справы на тэрыторыі Акцябрскага сельскага Савета Віцебскага раёна, дзе размешчана 16 могілак, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў КДК вобласці.
Пры правядзенні праверкі Акцябрскага сельскага выканаўчага камітэта былі адзначаны парушэнні закона "Аб пахаванні і пахавальнай справе". Так, для могілак не вызначаны парадак іх функцыянавання, не ўстаноўлены парадак адводу і рэзервавання зямельных участкаў для пахавання, зямельныя ўчасткі для пахавання не маюць уліковых нумароў. Улік пахаванняў сельвыканкамам не вядзецца і кантроль за пахаваннем не ажыццяўляецца. Пашпартызацыя могілак і інвентарызацыя пахаванняў не праводзіліся, бо гэтая праца не была ўскладзена на якую-небудзь спецыялізаваную арганізацыю.
Як адзначаюць у КДК, "кажучы простай мовай, сельскія могілкі апынуліся па-за законам". І гэтая праблема характэрная для многіх сельскіх раёнаў.
Пры правядзенні аглядаў дзеючых могілак у вёсках Шапуры і Барышына Віцебскага раёна ўстаноўлена, што на іх не выконваюцца патрабаванні санітарных нормаў: адсутнічаюць грамадскі туалет, пляцоўкі для збору смецця і агароджа тэрыторыі; ускраіны абодвух могілак па перыметры завалены смеццем. Не створаны ўмовы для правядзення абраду пахавання, а з-за адсутнасці агароджы пахаванні праводзяцца бестэрмінова. Праезды да месцаў пахавання не маюць цвёрдага пакрыцця, што ўскладняе праезд жалобных працэсій восенню і зімой.
Па выніках праверкі КДК праблема арганізацыі працы могілак абазначана перад Віцебскім райвыканкамам. У цяперашні час вырашаецца пытанне аб перадачы могілак на абслугоўванне прадпрыемству жыллёва-камунальнай гаспадаркі. -0-