«Вёска напракат» з'явілася ў Полацкім раёне

13 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Узяць домік у вёсцы напракат цяпер можна будзе ў Полацкім раёне, расказала карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва Віцебскай вобласці Паліна Судзілоўская. Нетрадыцыйную паслугу першымі ў вобласці вырашыла аказваць служба побыту Полацкага раёна. На месцы старой базы адпачынку на беразе возера разгарнулася "вёска напракат" з 11 домікаў і лазні, дзе можна будзе адпачыць і з сям'ёй, і з сябрамі. Бытавікі завяршаюць добраўпарадкаванне сваёй вёскі і ў канцы мая рыхтуюцца прыняць першых наведвальнікаў. Кошт паслугі, як абяцае служба побыту, будзе даступным. Як адзначыла Паліна Судзілоўская, адным з асноўных напрамкаў у дзейнасці абласной службы побыту з'яўляецца развіццё паслуг для адпачынку і фізкультурна-аздараўленчых паслуг. Пункты пракату папоўніліся новым турыстычным рыштункам і спартыўным інвентаром. Канькі, у тым ліку і ролікавыя, даўно перасталі быць дэфіцытам у пунктах пракату вобласці. У Браслаўскім, Пастаўскім, Сенненскім раёнах служба побыту арганізавала пракат спартыўных трэнажораў. Цяпер абласное ўпраўленне распрацоўвае праект па стварэнні пункта пракату водных ровараў на рацэ Віцьба. Катамараны ўжо закуплены. Яшчэ адзін від дзейнасці, які маюць намер асвоіць бытавікі, - гэта арганізацыя аўтастаянак. Паводле даных за першы квартал бягучага года ў Віцебскай вобласці тэмп росту бытавых паслуг праз усе каналы рэалізацыі склаў 133,5%, у тым ліку сельскаму насельніцтву - 110%. -0-