Вёска Ульянаўка ў Бешанковіцкім раёне ў выніку падтаплення моста пазбавілася прамога паведамлення
29 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Падтапленне моста пазбавіла прамога паведамлення вёску Ульянаўка ў Бешанковіцкім раёне, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо.
Аўтамабільны мост праз раку Ула 1960 года пабудовы даўжынёй 80 м і шырынёй 4 м з'яўляецца адзіным прамым пад'ездам да вёскі Ульянаўка. Па стане на 28 сакавіка ўзровень вады над ім складаў больш за паўметра. Згодна з назіраннямі мінулых гадоў, падтапленне гэтага стратэгічнага для населенага пункта аб'екта можа працягвацца да 17 сутак.
У вёсцы размешчаны 31 жылы дом, у якім пражываюць 63 чалавекі. На час экстрэмальнай сітуацыі ім давядзецца карыстацца аб'язной дарогай праз вёску Бальбінава Ушацкага раёна працягласцю 23 км. Акрамя таго, для забеспячэння нармальнай жыццядзейнасці мясцовых жыхароў аб складваючыхся неспрыяльных умовах праінфармаваны ўсе службы хуткага рэагавання, у тым ліку Бешанковіцкае райпо, якое ўжо сёння арганізуе прыезд аўтакрамы ва Ульянаўку.-0-