Дзесяцігадовае дзіця загінула пры пажары ў адным з прыватных дамоў Віцебска
27 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Дзесяцігадовае дзіця загінула пры пажары ў адным з прыватных дамоў Віцебска, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо.
Трагедыя здарылася ўдзень 26 снежня ў доме, дзе пражывала сям'я з чатырох чалавек, у тым ліку двое дзяцей. Паведамленне аб узгаранні прыватнай будыні прыйшло ад суседзяў. Да прыбыцця падраздзяленняў МНС слесар СААТ "Белвест", які пражывае па суседстве, Юрый Грышчанкоў выцягнуў з дома, які загарэўся, шасцігадовага хлопчыка, заўважыўшы яго ў праёме акна. Цела другога дзіцяці ўдалося выявіць толькі пасля ліквідацыі пажару ў выгарэлай гаспадарчай прыбудове, дзе знаходзілася газавае абсталяванне і кацёл ацяплення.
Прычыны і абставіны трагедыі высвятляюцца. Мяркуецца, што пажар пачаўся непасрэдна з падсобнага памяшкання, дзе і быў знойдзены загінулы дзесяцігадовы хлопчык.
У выніку знішчаны дах гаспадарчай прыбудовы, а таксама пашкоджаны дах, столявае перакрыцце і сцены жылых памяшканняў. На момант узнікнення пажару бацькі знаходзіліся на працы.
Усяго за мінулыя выхадныя на пажарах у Віцебскай вобласці загінула шэсць чалавек. У пераважнай большасці прычынай пажараў з трагічным зыходам стала парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры курэнні ў нецвярозым стане.-0-