Дзесяткі палачанаў змаглі ўпісаць сваё імя ў гісторыю роднага горада
13 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Дзесяткі палачан скарысталіся сёлета ўнікальнай магчымасцю ўпісаць сваё імя ў гісторыю роднага горада, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны захавальнік Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Іна Песіна.
Акцыя "Упішы сябе ў гісторыю Полацка" праводзілася з 1 мая. Для ўдзелу ў ёй прапаноўвалася бязвыплатна перадаць музеям запаведніка любыя экспанаты, звязаныя з гісторыяй старажытнага горада. Шансам унесці сваё імя ў летапіс гісторыі Полацка скарысталіся дзесяткі людзей. Дзякуючы ім у фонды запаведніка паступіла каля 1,4 тыс. экспанатаў. Гэта як асобныя прадметы побыту, дакументы, фотаздымкі, так і вялікія калекцыі кніг, археалагічных знаходак, графічных работ, у тым ліку калекцыя, прысвечаная гісторыі народнага тэатра. Многія з экспанатаў ужо ў бліжэйшы час стануць асновай асобных выставак, а таксама ўвойдуць у экспазіцыю Музея гісторыі Полацка, які плануецца адкрыць у 2012 годзе.
Імёны кожнага дарыцеля занесены ў спецыяльную кнігу. Ушанаванне ўдзельнікаў акцыі адбудзецца 16 мая. На ўрачыстым мерапрыемстве ім будуць уручаны граматы "Ганароваму дарыцелю" і спецыяльна заснаваныя сертыфікаты на бясплатнае наведванне ўсіх музеяў Полацка на працягу гэтага года.
Еўрапейская ноч музеяў будзе адзначана ў Полацку і іншымі святочнымі мерапрыемствамі, адзначыла Іна Песіна, дадаўшы, што прыемныя сюрпрызы для сваіх наведвальнікаў рыхтуюць усе музеі запаведніка. Так, шоў ажыўшых экспанатаў адбудзецца ў Дзіцячым музеі. Сеанс нямога кіно пад адкрытым небам у Краязнаўчым музеі пагрузіць гледачоў у атмасферу кінатэатра пасляваеннага часу. Тут жа разгорнецца выстава, прысвечаная гісторыі кіно.
Наведвальнікі Мастацкай галерэі стануць сведкамі стварэння светлавога шэдэўра. Некалькі полацкіх мастакоў на велізарным палатне ўвасобяць толькі ім вядомы сюжэт люмінесцэнтнымі фарбамі. Набыць гэтае творы зможа любы ахвотны на аўкцыёне, які адбудзецца адразу ж пасля перформансу. Заключным акордам Ночы музеяў у Полацку стане вялікі канцэрт "Гармонія музыкі і святла" ў Сафійскім саборы.
У адпаведнасці з лепшымі традыцыямі Еўрапейскай ночы музеяў наведванне ўсіх музеяў горада 16 мая будзе бясплатным, дадала Іна Песіна.-0-